У размове са Свабодай прадстаўніца і адна з заснавальніц расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемориал» Алена Жамкова і кіраўніца ўкраінскай арганізацы «Центр громадянських свобод» Аляксандра Матвійчук агучылі свой зварот да Алеся Бяляцкага і паразважалі пра адносіны беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў пасьля заканчэньня вайны.
Аб прэміі тром «брацкім народам»
Алена Жамкова, праваабарончая арганізацыя «Мемориал», Расея:
«Я думаю, гэта вельмі важны знак, які дае Нобэлеўскі камітэт і нам, і ўсяму сьвету ў гэтай жахлівай сытуацыі, калі забіваюць людзей і калі разбураюць краіны, калі разбураюць нашую будучыню, апэлюючы да мітаў нашай мінуўшчыны... І гэта, вядома, жахліва, асабліва для «Мемориала», які намагаўся патлумачыць людзям, як важна засвоіць урокі мінулага. Гэта вельмі важны знак таго, што ў такой сытуацыі людзі грамадзянскай супольнасьці павінны і могуць, узяўшыся за рукі, супрацьстаяць злу. І я вельмі ганаруся тым, што Нобэлеўскі камітэт прысудзіў гэтую прэмію нашым калегам і нашым сябрам зь Беларусі і Ўкраіны, і нам».
Пра Бяляцкага
Аляксандра Матвійчук, «Центр громадянських свобод», Украіна:
«Алесь Бяляцкі — легендарная асоба. Для мяне гэта чалавек, які гаворыць, што думае, і жыве так, як гаворыць. Гэта тое, чаму я вучылася ўва ўкраінскіх дысыдэнтаў, і вось гэта ўсё ўвасоблена і ў жыцьці, і ў працы Алеся Бяляцкага. Я была на абвяшчэньні прысуду, калі першы раз Алеся Бяляцкага ў сфабрыкаванай крымінальнай справе засадзілі за краты. І тады я казала, і цяпер паўтару: «Мы чакаем, Алесь, мы чакаем — аўтарытарныя рэжымы абваляцца, а мы будзем на свабодзе і будзем працаваць далей».
Алена Жамкова: Я думаю, ён і сам разумее... Я толькі магу дадаць мой голас да голасу ўсяго сьвету. Увесь сьвет заклапочаны ягоным лёсам. Усе людзі, нармальныя людзі хвалююцца за яго, і я магу яму пажадаць толькі быць моцным, трывалым, берагчы сваё здароўе і абавязкова дачакацца свабоды, а свабода будзе».
Пра адносіны пасьля вайны
Аляксандра Матвійчук: Мне здаецца, нам трэба будзе ўзяць на ўзбраеньне даўні лёзунг дысыдэнтаў у Савецкім Саюзе — «За нашу і вашу свабоду». Ёсьць вельмі шмат рэчаў, якія ня маюць нейкіх межаў, і чалавечая салідарнасьць і барацьба за свабоду — адна з такіх рэчаў.
Алена Жамкова: Я думаю, што адносіны паміж людзьмі заўсёды магчымыя, асабліва калі абапірацца на той прынцып, пра які гаварыў і працягвае гаварыць «Мемориал». Нам усім, людзям з розных краін, абавязкова патрэбная справядлівасьць. Гэта значыць вяршэнства права, закон для ўсіх. Але пры вяршэнстве права і закону нам вельмі важна, каб ахвяры атрымлівалі спачуваньне, а злачынцы былі пакараныя. Калі мы людзі сьвету — і ў гэтым сэнсе мне якраз няважна, зь якой краіны; мне здаецца, што нашыя краіны так перамяшаныя, так шмат людзей нарадзіліся ў адной краіне, а жывуць у іншай, так шмат зьмяшаных параў, так шмат дзяцей, якія нарадзіліся ў зьмяшаных — галоўнае, што мы маем агульную трагічную гісторыю. Мы ня зможам знайсьці паразуменьня, а нам прыйдзецца шукаць гэтае паразуменьне, гэта будзе вельмі складаны шлях. Таму што ніхто не забудзе гэтых ахвяраў, якія ўжо ёсьць; ніхто не забудзе злачынстваў, якія былі ўчыненыя. Я думаю, мы зможам знайсьці разуменьне, калі будзем абапірацца на гэты прынцып «Мемориала» — аднолькавае правасудзьдзе для ўсіх, спачуваньне ахвярам і пакараньне злачынцам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла кніга «Алесь Бяляцкі на Свабодзе». Электронная вэрсіяЦі справядлівыя прэміі міру, калі ва Ўкраіне вайна, а ў Беларусі і Расеі кіруюць аўтарытарныя рэжымы
Алена Жамкова: Было б вельмі няправільна гаварыць, што наша праца, праца праваабаронцаў, нават калі нам не ўдаецца ў ідэале выканаць тое, што мы хочам; нават калі нам не ўдаецца ў большасьці людзей атрымаць разуменьне... На жаль, меншасьць з намі пагаджаецца, а большасьць па-ранейшаму не паважае годнасьць чалавека, не разумее, як важна ставіць угару і ў цэнтар сьвету чалавека, а не дзяржаву. Што гэта дзяржава павінна нам служыць, што яна жыве на нашыя з вамі грошы, што гэта проста пытаньне эфэктыўнасьці, яна павінна добра і якасна працаваць. Лепш, калі яна будзе працаваць так добра, што мы нават ня будзем пра яе ўспамінаць і яе заўважаць. Дык вось, большасьць, можа, нас не падтрымлівае, але гэта ня значыць, што нашая праца не патрэбная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі ідзе вайна іншага кшталту». Што сказала на прэсавай канфэрэнцыі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру жонка Алеся Бяляцкага. ВІДЭА