На Алімпійскім саміце дэталёва прааналізавалі наступствы расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Пераважная большасьць удзельнікаў пагадзіліся з тым, што санкцыі супраць дзяржаваў і ўрадаў Расеі і Беларусі, вінаватых у грубым парушэньні Алімпійскага перамір’я і Алімпійскай хартыі, павінны заставацца ў сіле. Гэтыя санкцыі ўключаюць:
- забарону на правядзеньне міжнародных спартовых спаборніцтваў, якія арганізуюць або падтрымліваюць МАК ці Нацыянальныя алімпійскія камітэты ў Расеі ці Беларусі.
- Ніякія сьцягі, гімны, колеры або любыя іншыя сымбалі гэтых дзяржаваў не дэманструюцца ні на воднай спартовай падзеі або сустрэчы.
- Санкцыі таксама ўключаюць у сябе беспрэцэдэнтнае рашэньне МАК адклікаць алімпійскія ордэны ў прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера Расеі.
28 лютага, праз чатыры дні пасьля поўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў міжнародныя спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі.
16 кастрычніка стала вядома, што беларускія і расейскія спартоўцы ня змогуць удзельнічаць у Эўрапейскіх гульнях 2023 году, якія пройдуць у гарадах Польшчы.
У ліпені стала вядома, што ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі за напад Расеі на Ўкраіну і ролю Беларусі ў ваеннай агрэсіі, беларускія і расейскія спартоўцы рызыкуюць прапусьціць XXXIII летнія Алімпійскія гульні, якія пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 году. Напрыклад, мужчынскую і жаночую зборныя ў валейболе ўжо не дапусьцілі да кваліфікацыі на Гульні.
Пазьней Паралімпійскі камітэт прыпыніў сяброўства Беларусі ў арганізацыі.
Беларускі фонд спартовай салідарнасьці выказваў надзею, што беларускім атлетам, якія асудзілі расейскую агрэсію, дазволяць выступіць на Алімпіядзе пад нэўтральным (алімпійскім) сьцягам, аднак пакуль няма зрухаў у гэтай справе, ніхто афіцыйна не заяўляў пра рыхтаваньне такой магчымасьці для беларускіх спартоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт пакуль адмовіўся зьняць санкцыі зь Беларусі і Расеі