Лукашэнка заявіў пра адмову ад даляра ЗША ва ўзаемаразьліках Беларусі і Расеі

Саміт Вышэйшага Эўразійскага савету: Нікол Пашынян, Аляксандар Лукашэнка, Касым-Жамарт Такаеў, Садыр Жапараў, Уладзімір Пуцін, Міхаіл Мясьніковіч. Бішкек, 9 сьнежня 2022

Лукашэнка лічыць, што «дамінаваньне даляра завяршаецца».

На саміце Вышэйшага Эўразійскага савету ў Бішкеку 9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея адмовіліся ад выкарыстаньня даляра ў «асноўных разьліках».

«Важна, каб і іншыя партнэры актыўна падключыліся да гэтага працэсу», — цытуе БелТА заяву Аляксандра Лукашэнку на пасяджэньні Вышэйшага Эўразійскага савету ў Бішкеку (Кыргыстан).

Лукашэнка паспрабаваў пераканаць калег у неабходнасьць «аздаравіць крывяносную сыстэму» гэтага саюзу.

«Я гавару аб фінансах. Ужо ўсім зразумела: эпоха дамінаваньня даляра завяршаецца. Будучыня за гандлёвымі блёкамі, разьлікі якіх будуць ажыцьцяўляцца ў нацыянальных валютах», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Долю эўра ў валютным кошыку Беларусі зойме расейскі рубель. Тлумачым, што гэта значыць

Нацыянальны банк Беларусі паведаміў, што з 12 сьнежня эўра выключаюць з кошыка валют. Ягоную долю зойме расейскі рубель; адпаведна, ягоная доля ў кошыку валют будзе складаць 60%.

З 15 ліпеня 2022 году валютны кошык складаўся наступным чынам: расейскі рубель — 50%, даляр — 30%, эўра — 10%, кітайскі юань — 10%.
Цяпер жа ён выглядае так: расейскі рубель — 60%, даляр — 30%, кітайскі юань — 10%.

Паводле старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, гэта сьведчыць пра канец пэрыяду дывэрсыфікацыі гандлю, калі ўлады Беларусі імкнуліся гандляваць у роўнай меры і з Расеяй, і з ЭЗ.