У Іране пакаралі сьмерцю першага пратэстоўца, нягледзячы на пратэсты Захаду і праваабарончых арганізацый

Махсэна Шэкары

У Іране пакаралі сьмерцю 23-гадовага Махсэна Шэкары, першага асуджанага ўдзельніка восеньскіх пратэстаў, паведамляе Радыё Фарда са спасылкай на іранскія дзяржаўныя СМІ.

Шэкары абвінавацілі ў размахваньні зброяй з «намерам забіць і выклікаць тэрор, а таксама пазбавіць людзей свабоды і бясьпекі». Акрамя гэтага, падсуднаму паставілі ў віну «наўмысныя раненьні» сілавіка зброяй і «перакрыцьцё вуліцы».

Махсэна Шэкары павесілі ў чацьвер раніцай.

Шэкары быў адным з тысяч іранцаў, якія выйшлі на вуліцы па ўсёй краіне пасьля таго, як сёлета ў верасьні паліцыя нораваў затрымала 22-гадовую Махсу Аміні за «няправільнае» нашэньне хіджабу. Дзяўчына загінула пры нявысьветленых абставінах. Па словах сваякоў Аміні, паліцыянты жорстка пабілі яе. Самі сілавікі сьцьвярджаюць, што Аміні трапіла ў лякарню нібыта з сардэчнай недастатковасьцю.

Пасьля пратэстаў урад разгарнуў жорсткія рэпрэсіі супраць дэманстрантаў.

Праваабарончыя групы і заходнія ўрады папярэдзілі Тэгеран аб наступствах пасьля вынясеньня сьмяротных прысудаў пратэстоўцам у выніку пасьпешных судовых працэсаў, назваўшы іх «фіктыўным» правасудзьдзем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Іране: больш за 400 загінулых. Тэгеран кажа аб правакацыях
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся кадры, на якіх падчас пратэстаў падпалілі дом-музэй аяталы Хамейні ў Іране