20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну герояў

  • Аляксандар Лукашук

За 20 гадоў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» пабачылі сьвет дзевяць дзясяткаў выданьняў пра беларускую палітыку, мову, гісторыю, грамадзтва, журналістыку, турму, здароўе і шмат што яшчэ. Працягваем знаёміць вас з нашым выдавецкім плёнам. Дарэчы, кожная кніга дасяжная ў лічбавым фармаце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе кнігі Бібліятэкі Свабоды

Трэці ліст да тых, хто ўмее чытаць. Краіна герояў

Мы ўжо тлумачылі генэзіс кнігазбору на радыё: нельга быць беларусам, жыць у Празе і не выдаваць кніг — бо так рабіў праскі Францішак Скарына. Разьдзел нашай калекцыі, прысьвечаны асобам, чыя гераічная дзейнасьць дзеля Беларусі, яе культуры і свабоды, — самы вялікі і, вядома ж, уключае асобу беларускага першадрукара. І рэч ня ў тым, зь якога стагодзьдзя героі, а ў тым, ці па-ранейшаму іх справа і словы ўплываюць на наша жыцьцё і будучыню.

Гэтая субота прысьвечаная героям і адкрывае яе найноўшая кніга, прысьвечаная нашаму сябру, герою ня толькі рэпартажаў і інтэрвію, а адной з ранейшых кніг «Бібліятэкі». Сёньня ён мусіў бы атрымаць сваю Нобэлеўскую прэмію, але цырымонія адбудзецца безь яго, бо ён у турме. Аднак краты кнігам не перашкода, калі іх адкрываюць сябры — запрашаем сустрэцца з Алесем і іншымі героямі ў нашай «Бібліятэцы»!

Аляксандар Лукашук, Бібліятэкар Свабоды

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну паэтаў20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну падарожжаў у часе

Краіна герояў

«Алесь Бяляцкі на Свабодзе»

Чалавекам надзеі для Беларусі называе ў сваёй прадмове героя гэтай кнігі прэзыдэнт-заснавальнік Нацыянальнага фонду дэмакратыі ЗША Карл Гершман. Голас ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, праваабаронцы, палітычнага вязьня Алеся Бяляцкага некалькі дзесяцігодзьдзяў гучаў на Радыё Свабода ў абарону дэмакратычных каштоўнасьцяў у Беларусі і сьвеце.

Для нас было гонарам выдаць гэтую кнігу да цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі — сёньня яна ў Осла, сталіцы прэміі міру.

«Справа Бяляцкага»

Гэтая кніга ня столькі пра крымінальную справу № 11081100188, паводле якой у 2011 годзе Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 года турмы, колькі пра справу ягонага жыцьця — абарону грамадзянскіх і культурных правоў чалавека. Аўтар Валер Каліноўскі правёў дзясяткі гадзінаў на судовых пасяджэньнях, сабраў вялізную колькасьць сьведчаньняў, дакумэнтаў, каб стварыць вобраз праваабаронцы ў наступальным руху. Хочаце ўведаць, як становяцца Нобэлеўскімі ляўрэатамі — вычарпальная інструкцыя ў «Справе Бяляцкага»!

«Быкаў на Свабодзе»

Гэта першая кніга «Бібліятэкі», прысьвечаная герою нашага часу, дзе сабраныя словы вялікага беларускага пісьменьніка і сябра і аўтара Свабоды. Яна выйшла двума выданьнямі. Мы любілі Быкава і дагэтуль адчуваем яго прысутнасьць — яго незабыўныя словы, нягучны голас і стрыманая ўсьмешка жывуць у «Бібліятэцы» — пераканайцеся!

«Быкаў на Свабодзе». Аўдыёдыск

Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода

«Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому». Аўдыёкніга

Кніга гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дзень і месяц сьмерці Васіля Быкава — 22.06...

«Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе»

Спачатку першая ў гісторыі Нобэлеўская ляўрэатка зь Беларусі скептычна паставілася да ідэі выдаць яе размовы з журналістамі, але падтрымала выданьне, калі пабачыла, што яно ня толькі пра яе, але і пра краіну і пра час.

Пад адной вокладкай стараньнем укладальніка Сяргея Навумчыка сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях і друкаваліся на сайце Радыё Свабода. Гэтая кніга таксама выйшла па-расейску.

«Сьвятлана Алексіевіч. 100 цытатаў на Свабодзе»

Гэтую кнігу складаюць выбраныя фрагмэнты вусных выказваньняў набэлісткі. Гэта адзіная кніга «Бібліятэкі», якая выйшла адразу на чатырох мовах: па-ангельску, па-беларуску, па-расейску і па-ўкраінску. Укладальнік Сяргей Навумчык выбраў з мноства інтэрвію сто завершаных ацэнак, высноваў, назіраньняў, якія паказалі пісьменьніцу як яркага, глыбокага і афарыстычнага філёзафа. Можна ня толькі пазнаёміцца з думкамі пісьменьніцы, але і падцягнуць сваё валоданьне замежнымі мовамі — двайны плён!

«Станіслаў Шушкевіч на Свабодзе»

Чалавек, які першы ўзначаліў незалежную Беларусь і паставіў подпіс пад пагадненьнем аб ліквідацыі Савецкага Саюзу, ня мог ня быць на Радыё Свабода. Сын ворага народу, таленавіты фізык, навуковец, вынесены на авансцэну сусьветнай палітыкі сілай гісторыі, паўстае перш за ўсё як шчыры і інтэлігентны чалавек, чужы пануючай уладзе і свой для прыхільнікаў дэмакратыі і свабоды. Пазнаёмцеся з постацьцю беларускай гісторыі!

«Каліноўскі на Свабодзе»

Тэма Кастуся Каліноўскага на Радыё Свабода за 20 гадоў з рэдкіх кропель ператварылася ў магутную раку. Гэтаму спрыялі малыя і вялікія падзеі вакол імя героя і ягоных паплечнікаў, рэакцыя ўладаў, пошукі месца Каліноўскага і ягонага паўстаньня ў беларускай гісторыі. Навіны, блогі, інтэрвію, дыскусіі, архіўныя знаходкі, канцэптуальныя эсэ — усё гэта склалася ў храналёгію, дзе аўтарскія матэрыялы перамяжоўваюцца з інфармацыйнымі, падрыхтаванымі службай навінаў Радыё Свабода.

«Нечаканы Скарына»

Полацкі хлопчык, эўрапейскі падарожнік, студэнт-выдатнік, доктар лекарскіх навук, першадрукар, ілюстратар сваіх выданьняў, каралеўскі батанік — Францішак Скарына, якога чакалі, чалавек Адраджэньня як унівэрсальны беларус будучага паўстае пад пяром Сяргея Абламейкі. Эсэ ў 25 частках дае новы погляд на асобу першадрукара і нечаканае разуменьне ягонай дзейнасьці, даробку і шчыльных сувязяў з італьянскім Рэнэсансам. Аўтар гутарыць зь беларускімі, аўстрыйскімі, італьянскімі, польскімі, францускімі і чэскімі навукоўцамі, якія расказваюць, як яны сёньня бачаць эпоху Скарыны.​ Кніга чаканых нечаканасьцяў — як і сам Скарына!

Працяг будзе