Дата дня
8 сьнежня 1991 году ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі былі падпісаныя Белавескія пагадненьні. Кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны Станіслаў Шушкевіч, Вячаслаў Кебіч, Барыс Ельцын, Генадзь Бурбуліс, Леанід Краўчук і Вітольд Фокін афіцыйна дэнансавалі дагавор аб утварэньні СССР і ўтварылі Садружнасьць Незалежных Дзяржаў.
Таксама ў гэты дзень
1432 — Ашмянская бітва паміж войскамі вялікіх князёў Сьвідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча.
1854 — папа Пій ІХ устанавіў догмат каталіцкай царквы аб беззаганным зачацьці Дзевы Марыі, маці Ісуса Хрыста.
1926 — у склад БССР увайшлі Рэчыцкі і Гомельскі паветы.
1955 — Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы зацьвердзіла свой сьцяг — цяперашні сьцяг Эўразьвязу.
1958 — у Мадрыдзе з ініцыятывы Рады БНР пачалася трансьляцыя беларускіх радыёперадач гішпанскага радыё, якія рэдагаваў Янка Сурвіла з дапамогай сваёй жонкі Івонкі. Вяшчаньне ішло да траўня 1965 году, у эфір выйшла больш за 2300 перадач.
1974 — у Грэцыі праз рэфэрэндум была скасаваная манархія.
1999 — кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі дамову аб стварэньні так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. У інтэрвію Радыё Свабода Васіль Быкаў назваў гэта «злачынствам стагодзьдзя».
У гэты дзень нарадзіліся
1832 — Б’ёрнст’ернэ Б’ёрнсан, нарвэскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.
1914 — Чэслаў Сіповіч, грэкакаталіцкі біскуп, актыўны дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі, заснавальнік Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане.
1918 — Аляксандр Махнач, беларускі навуковец-геоляг, акадэмік, у 1973–1986 гадах — віцэ-прэзыдэнт АН БССР. Удзельнічаў у адкрыцьці на тэрыторыі Беларусі нафтавых радовішчаў, радовішчаў калійнай і каменнай соляў, жалезнай руды, гаручых сланцаў.
1935 — Рыгор Родчанка, беларускі краязнаўца, пэдагог, фальклярыст, паэт, літаратуразнаўца.
У памяці
1937 — Язэп Гаўрылік, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.
1937 — Ігнат Дварчанін, беларускі пісьменьнік, публіцыст, грамадзкі дзяяч.
1968 — Ванда Лявіцкая (у замужжы Лёсік), пісьменьніца, удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст.
1980 — у Нью-Ёрку быў застрэлены Джон Ленан, музыка легендарнага гурту The Beatles.
2016 — памёр адзін зь першых астранаўтаў Джон Глен. 20 лютага 1962 году Глен стаў першым астранаўтам ЗША, які зьдзейсьніў арбітальны касьмічны палёт — тры віткі вакол Зямлі. Да яго субарбітальны палёт ажыцьцявілі астранаўты Алан Шэпард і Вірджыл Грысам.
2019 — памерла праваабаронца, адна з заснавальніц Маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева.