Мяняюць імёны і перавыхоўваюць. З акупаваных тэрыторый Украіны незаконна вывезьлі ў Расею каля 50 тысяч дзяцей

Дзіцячая цацка ў жылым доме, у якім ад ўдару ракеты загінулі больш за 40 чалавек. Данецкая вобласьць, 10 ліпеня 2022

Украінскія праваабаронцы заявілі, што колькасьць украінскіх дзяцей, якіх расейскія акупацыйныя ўлады незаконна перамясьцілі з захопленых тэрыторый Украіны ў Расею, можа перавышаць 50 тысяч.

«Паводле зьвестак акупантаў ад 29 лістапада, 715 934 дзіцяці перасеклі мяжу з пачатку расейскай агрэсіі. Мы ня кажам, што гэта ўсё прымусова дэпартаваныя. Паводле нашых падлікаў, колькасьць прымусова вывезеных дзяцей недзе больш за 50 тысяч», — паведаміў адвакат, дырэктар Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і бясьпекі Паўло Лысянскі 7 сьнежня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, расейскія акупацыйныя ўлады вывозілі дзяцей, якія ўмоўна можна падзяліць на чатыры групы: дзеці-сіроты зь дзіцячых дамоў; дзеці, бацькоў якіх пазбавілі правоў; дзеці, якія засталіся без нагляду бацькоў; а таксама тыя дзеці, якіх вывезьлі разам з бацькамі па праграме «Соотечественник» у аддаленыя куткі Расеі.

Праваабаронца дадаў, што Расея рыхтавалася да прымусовага вывазу грамадзян Украіны і асабліва дзяцей да пачатку свайго ваеннага ўварваньня. Ён нагадаў, што ўрад Расеі зацьвердзіў пастанову, паводле якой вызначыліся квоты для прыёму ўкраінцаў для розных рэгіёнаў і гарадоў Расеі.

«Гэта сплянаваная і падрыхтаваная акцыя, накіраваная на генацыд украінскага народу», — падкрэсьліў ён.

Паўло Лысянскі дадаў, што пасьля акупацыі некаторых раёнаў Харкаўскай, Херсонскай і Запароскай абласьцей акупацыйныя ўлады пачыналі сваю дзейнасьць са стварэньня камісій па нагляду за ўтрыманьнем непаўналетніх дзяцей, якія прымалі адпаведныя рашэньні аб пазбаўленьні бацькоўскіх правоў.

Паводле яго, пасьля прымусовага перамяшчэньня дзецям выдавалі расейскія пашпарты і часта зьмянялі ім імёны і прозьвішчы.

«За некалькі месяцаў там выдалі вялікую колькасьць расейскіх пашпартоў, і цяпер паставілі на паток. Знайсьці сьляды гэтых зьмен будзе вельмі цяжка, і ўжо цяпер гэтым трэба займацца», — перакананы Паўло Лыснянскі.

Шостага сьнежня на тэлеканале Current Time выйшаў матэрыял аб тым, як украінскіх дзяцей прывезьлі ў лягер у Чачэнію для «вайскова-патрыятычнай» падрыхтоўкі.

Расейскія афіцыйныя асобы назвалі гэтых украінскіх дзяцей «сацыяльна неўладкаванымі» і прызначылі ім «перавыхаваньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 15 тысяч чалавек зьніклі бязь вестак падчас расейскага нападу на Ўкраіну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея зьнішчае энэргетыку, але ва Ўкраіне насуперак вайне пачынаюць ацяпляльны сэзон і аказваюць дзяржаўныя паслугі