Замест Урганта, які выступіў супраць вайны з Украінай, расейскую цырымонію «Залаты грамафон» будзе весьці беларускі комік Галыгін

Вадзім Галыгін

Беларускі комік Вадзім Галыгін стане вядоўцам расейскай цырымоніі ўручэньня прэміі «Залаты грамафон», частка грошай з продажы квіткоў на якую пойдзе на «дапамогу вымушаным перасяленцам з Харкава» і «дапамогу жыхарам прыфрантавых і далучаных тэрыторыяў».

На 10 сьнежня ў Маскве заплянавалі цырымонію ўручэньня музычнай прэміі «Залаты грамафон». Весьці яе будуць расейская кінаактрыса Кацярына Скулкіна і беларускі актор Вадзім Галыгін.

«Я ўпершыню выйду на сцэну цырымоніі „Залаты грамафон“ у якасьці вядоўцы, і для мяне гэта вялікі гонар, — пракамэнтаваў Галыгін. — Цяпер кожнаму з нас вельмі важная вера ў добрае і сьветлае, крыху гумару і падтрымка. Упэўнены, мы з Кацяй зловім адну хвалю і зробім будучую падзею незабыўнай для гледачоў».

Частка грошай ад продажу квіткоў пойдзе на «дапамогу вымушаным перасяленцам з Харкава» і «дапамогу жыхарам прыфрантавых і далучаных тэрыторыяў».

Да гэтага цырымонію вёў расейскі актор Іван Ургант. Ён быў вядоўцам «Залатога грамафону» 13 разоў, пачынаючы з 2008 году.

Сёлета Ургант выступіў супраць вайны Расеі з Украінай і ў сакавіку эміграваў разам зь сям'ёй. Увосень ён вярнуўся ў Расею. Адразу пасьля пачатку вайны ў акаўнце Івана Урганта ў Instagram зьявіліся словы «Страх і боль. НЕ ВАЙНЕ», якія суправаджаліся чорным квадратам замест фатаграфіі.

У сваю чаргу Галыгін ў жніўні 2020 году выпусьціў зварот, у якім, сярод іншага, заклікаў сілавікоў спыніць гвалт супраць беларускага народу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьменшыліся выдаткі ўладаў на сьвяткаваньне Новага году?