У ходзе апэрацыі ня менш як 25 чалавек затрыманы па падазрэньні ў прыналежнасьці да праваэкстрэмісцкага асяродзьдзя, паведамляе DW з спасылкай на Фэдэральную пракуратуру Нямеччыны.
Па дадзеных ведамства, «рэйхсбюргеры» плянавалі зьвяржэньне канстытуцыйных органаў улады ў краіне.
«Зь сёньняшняй раніцы праводзіцца маштабная антытэрарыстычная апэрацыя. Фэдэральная пракуратура праводзіць сьледчыя дзеяньні ў дачыненьні да тэрарыстычнай сеткі з асяродзьдзя „рэйхсбюргераў“. Ёсьць падазрэньне, што на канстытуцыйныя органы ўлады планавалася ўзброены напад», — напісаў міністар юстыцыі ФРГ Марка Бушман.
Як паведамілі ў Фэдэральнай пракуратуры, затрыманьні «рэйхсбюргераў» праводзіліся на падставе ордэраў, выдадзеных сьледчымі судзьдзямі Фэдэральнай судовай палаты. Усе затрыманыя — грамадзяне ФРГ. Па паведамленьнях СМІ, у цэлым шэрагу гарадоў, уключаючы Бэрлін, былі праведзены ператрусы.
«Рэйхсбюргеры» не прызнаюць ФРГ і лічаць сябе грамадзянамі «германскага рэйха». Яны вырабляюць альтэрнатыўныя пасьведчаньні асобы і правы кіроўцы неіснуючай імпэрыі. Рух узьнік яшчэ ў 1980-я гады. У 2017 годзе ў Нямеччыне налічвалася больш за 16 тысяч прыхільнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына падала супраць Італіі пазоў у Гааскі суд