У сталіцы Кіргізстану зьбіраюцца замяніць савецкія назвы раёнаў на нацыянальныя

Бішкек

У Расеі ўжо выказаліся супраць усё большага вяртаньня кіргізаў да нацыянальных назваў замест савецка-расейскіх.

Бішкек — адзіная сталіца ў Цэнтральнай Азіі, дзе захаваліся савецкія назвы раёнаў. Кіргіскія заканадаўцы і дэпутаты Бішкецкай гарадзкой рады прапанавалі назваць раёны новымі, кіргіскімі назвамі. Але гэтыя заклікі раззлавалі палітыкаў у Маскве, якія параўналі зьмены назвы з трывожным першым крокам да «вельмі сур’ёзнага нэгатыўнага працэсу», які, на іхную думку, трэба спыніць.

Расейскія дэпутаты хочуць, каб у Кіргізстане захаваліся савецкія назвы, хоць сама Расея даўно адмовілася ад вялікай часткі гэткіх назваў у сваіх гарадах.

Бішкек складаецца з чатырох раёнаў, і ўсе яны захавалі свае назвы камуністычных часоў: Ленин, Свердлов, Биринчи Май (1 Мая) і Октябрь. Мясцовыя палітыкі заяўляюць, што назвы раёнаў «маральна састарэлі».

Цяперашнія назвы раёнаў Бішкеку, якія хочуць дэсаветызаваць

Цяпер заклік да зьмены назвы паступіў ад старшыні парлямэнту Нурланбека Шакіева, які сказаў, што ў Кіргізстане яшчэ шмат гарадоў, вёсак і раёнаў, якія носяць замежныя назвы, і іх неабходна перайменаваць у рамках папулярызацыі дзяржаўнай кіргіскай мовы.

Шакіеў таксама сказаў, што кожны грамадзянін Кіргізстану, дзе вельмі шырока распаўсюджана расейская мова, павінен ведаць кіргіскую. Відавочна намякаючы на этнічных кіргізаў, якія карыстаюцца расейскай мовай у паўсядзённым жыцьці, Шакіеў падкрэсьліў, што людзі павінны размаўляць адно з адным на роднай мове.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не пашкадавалі ні Леніна, ні Суворава, ні нават Някрасава

Заўвагі Шакіева выклікалі бурную рэакцыю ў Маскве, некаторыя заканадаўцы ўспрынялі іх як напад на расейскую мову і расейцаў, што жывуць у Кіргізстане. Расейскія СМІ назвалі іх «заклікам да дэрусіфікацыі Бішкеку».

У чэрвені сябры гарадзкой рады Бішкеку прапанавалі замяніць старыя назвы на новыя, якія адлюстроўваюць нацыянальную ідэалёгію і ідэнтычнасьць краіны. Іх прапанова ўключала перайменаваньне раёнаў у гонар вядомых дзеячоў Кіргізстану, у тым ліку легенды X стагодзьдзя Манаса, палітыка XIX стагодзьдзя Байціка Канай уулу і сусьветна вядомага пісьменьніка Чынгіза Айтматава.

Яшчэ ў 2017 годзе дэпутат Зарылбек Рысаліеў выказаў здагадку, што перайменаваньне раёнаў Бішкеку даўно насьпела, маўляў, «ёсьць нават гарэлка „Манас“ у асартымэнце — чаму б нам не перайменаваць раёны Бішкеку ў гонар нашых герояў?»

Сама сталіца Бішкек у савецкі час называлася Фрунзэ, але савецкае імя замянілі пасьля атрыманьня незалежнасьці. Раёны пакуль працягваюць насіць савецкія назвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіргізстан скасаваў вайсковыя вучэньні АДКБ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Казахстан спрабуе балянсаваць паміж ЭЗ і Расеяй