Што будзе ў Нобэлеўскай лекцыі Алеся Бяляцкага. Расказвае яго жонка Натальля Пінчук 

Натальля Пінчук

Жонка Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук прыме на гэтым тыдні ўдзел у цырымоніі ўручэньня прэміі міру ў Осла. Блогу «Галасы» яна расказала пра сваё першае за паўтара году спатканьне з мужам у турме, рэакцыю на «Нобэля», пляны што да Нобэлеўскай лекцыі, зьвярнулся да сваякоў палітзьняволеных.

— Натальля, як вы самі ўспрынялі навіну пра тое, што ваш муж стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі?

— Калі Алеся абвясьцілі ляўрэаам, я недзе ішла. Навіну я даведалася, ідучы па горадзе. Было вельмі неспадзявана і абсалютна нечакана, бо горад быў у сваім рытме, з сваім шумам жыцьця. Я адказваю на званок — мая сяброўка кажа, што вось такая навіна. Прычым яна казала вельмі імкліва, разумеючы, што сытуацыя гэтага патрабуе, каб я змагла адказаць на іншыя званкі. Сапраўды, калі я паглядзела на тэлефон, там ужо было шмат прапушчаных званкоў, шмат СМСак. Пэўна, што яны пазванілі пасьля, але я, на жаль, са спазьненьнем магла рэагаваць на гэтыя званкі. Горад заглушае гэтыя моманты.

Як я гэта ўспрыняла... Гэта была ашаламляльная навіна і проста нечаканая. Гэта як удар. Ты ідзеш, табе пра нешта кажуць і ты слупянееш. Вось так у Менску, на дарозе, я даведалася гэтую навіну. Далей я спрабавала выжыць, бо хваля званкоў, віншаваньняў — ад знаёмых, незнаёмых. Але той першы голас сяброўкі быў самым запамінальным, ён і зараз у мяне ў вушах стаіць.

— Як гэта — быць жонкай сусьветна вядомага праваабаронцы, цяпер і ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, якога рэжым Аляксандра Лукашэнкі кідае за краты другі раз за 10 гадоў?

— Наконт жонкі ляўрэата — я яшчэ толькі паступова асэнсоўваю гэта. Адзінае, што магу сказаць, — гэта праца, якую трэба выканаць і пастарацца яе выканаць правільна і годна. Што тычыцца другой часткі пытаньня, то журналісты падлічылі, што Алеся затрымлівалі больш за 20 разоў. Цяпер ужо другое доўгатэрміновае знаходжаньне ў вязьніцы. Першае было 10 гадоў таму, а цяпер мы зноў трапляем у падобную сытуацыю. Як быць, як гэта пераносіць? Жыцьцё проста ставіць цябе ў гэтую сытуацыю, і ты мусіш нейкім чынам выжываць у ёй. А як можа быць па-іншаму? Лёгкага мала, але трэба знаходзіць нейкія моманты, якія б трымалі на плаве ў гэтым жыцьці, дзе ты апынуўся ў нялёгкай сытуацыі. Ты заўсёды разумееш, што яшчэ ў больш жорсткай сытуацыі апынуўся твой блізкі чалавек. І разумееш, што ў такой сытуацыі апынуліся тысячы беларусаў. Гэта праблемы і цяжар ня толькі мой, але і шматлікіх жонак, мацярок, чые дзеці апынуліся ў вязьніцах. І ўсім нам разам трэба гэта неяк перажыць.

— Ці мяняе нешта гэтая прэмія для беларускіх праваабаронцаў, апрача магутнай сымбалічнасьці?

— Гэтая прэмія, зразумела, сымбалічная. Гэта жэст у адносінах да Алеся, да праваабаронцаў, але, як кожны сымбаль, ён нясе, я так спадзяюся, і канкрэтныя дзеяньні, і канкрэтны эфэкт. У першую чаргу станоўчым бокам гэтай прэміі ёсьць тое, што Беларусь на слыху ў сусьветнай супольнасьці. На слыху боль і пакуты людзей, якія зараз у Беларусі. Ёсьць спадзяваньне, што салідарнасьць зь беларускімі людзьмі, якія ў турмах трацяць здароўе, якіх там катуюць, знойдуць падтрымку і міжнароднай супольнасьці. Але таксама і тыя, хто воляю лёсу апынуўся за межамі Беларусі — усе яны патрабуюць ўвагі, падтрымкі і дапамогі.

— У вас была кароткая сустрэча з Алесем. Што ён сам казаў пра навіну аб прэміі, ці даваў нейкія даручэньні?

— Наколькі я ведаю, спатканьне далі ня толькі Алесю, але і іншым «вясноўцам». Яны ў гэты час таксама сустракаліся з сваімі роднымі і блізкімі. Я ўбачыла Алеся ўпершыню за паўтара года. Пра прэмію мы шмат не гаварылі, адзінае, што было сказана, — для Алеся гэта была абсалютна ашаламляльная навіна, у якую яму дагэтуль цяжка паверыць. Ён яшчэ ў стане асэнсаваньня ўсяго гэтага. На спатканьне была толькі гадзіна, і за гэты час трэба было прагаварыць усё, што здарылася за паўтара года. Бо лісты не заўсёды даходзяць. Былі пэрыяды, калі ўвогуле нашыя лісты не перасякаліся, мы пісалі як усё роўна ў пустэчу. Мы вельмі асьцярожна сачылі за тым, што пішам, ніякіх падрабязнасьцяў ніколі не агаворвалі. Але на тэму прэміі былі першыя словы, сказаныя Алесем і мною. А далей ужо гаварылі, як мы жылі, што з намі, як мы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі на Свабодзе: «Я дакладна ведаю, якая Ўкраіна задавальняла б Расею і Пуціна — такая, як сёньняшняя Беларусь»


Алесь даведаўся пра прэмію не ад мяне. Цяжка сказаць, ад каго, але зьвесткі да яго дайшлі. Гэта магла быць і афіцыйная прэса, дарэчы. Праўдападобна, маглі прапусьціць тэлеграму, але на спатканьні я не распытвала пра гэта. Наколькі хутка інфармацыя даходзіць у турмы і СІЗА — я сама вельмі моцна ўразілася. Літаральна празь дзень жанчына выходзіць са мною на сувязь і прысылае радкі ліста, які прыйшоў ад яе мужа, іншага палітвязьня. І муж піша, што вельмі рады гэтай сытуацыі, што «Нобэля» атрымала Беларусь, што «Нобэля» атрымаў Алесь. Уяўляеце, якая хуткасьць — на другі ці трэці дзень. На жаль, падчас сустрэчы я не дадумалася задаць яму гэтае пытаньне. Алесь сказаў, што прэмія належыць усяму беларускаму народу, праваабаронцам. Больш дакладна яго словы я працытую падчас цырымоніі.

— Пра што Вы хочаце гаварыць у Осла падчас сустрэчаў і ў тым ліку на цырымоніі?

— Я буду па сутнасьці трансьляваць словы Алеся. Гэтая лекцыя будзе пабудаваная на ягоных выказваньнях, якія ўдалося знайсьці і якія закранаюць і сучасную сытуацыю, і шмат якія праблемы Беларусі.

— Алесь, відавочна, разумеў, да чаго можа прывесьці рашэньне заставацца ў Беларусі пасьля падзеяў 2020 году. І тым ня менш ня зьехаў. Чаму?

— Можна паглядзець — а чаму іншыя беларусы застаюцца ў Беларусі? Эміграваць са сваёй зямлі, са сваёй краіны даволі цяжка. У Алеся сытуацыя была яшчэ і ў іншым. Ён сам і ўсе навокал разумелі, што яго рана ці позна павінны арыштаваць. Ня буду хаваць, што былі размовы, каб пазьбегнуць турмы і выехаць за мяжу, але для яго такі варыянт разьвіцьця падзеяў быў непрымальны. Ён не разглядаў эміграцыю, бо быў кіраўніком арганізацыі, а ягоныя людзі ў гэты час знаходзіліся ў турмах — Ленаід Судаленка, Марфа Рабкова. Ён ня мог бы сябе адчуваць нармальна, калі б выехаў адсюль і пакінуў людзей у бядзе. Можа, ён і ня мог нічога вырашыць, але маральны абавязак перад сваімі людзьмі ў яго вельмі моцны. Ён не ўяўляў, што мог бы зрабіць па-іншаму.

— Што вы хацелі б сказаць сваякам беларускіх палітвязьняў?

— Вы шмат разоў, як і я, чулі: «Трымайцеся». Часам такія словы могуць выклікаць пэўнае раздражненьне, бо як трымацца, калі тут зямля з-пад ног сыходзіць, цяжкасьці, якіх не пералічыць на пальцах адной рукі. Але іншага выйсьця няма. Трымайцеся! І будзем трымацца разам. Трэба. Знайдзіце асяродзьдзе блізкіх людзей. Я яго знайшла яшчэ зь першай адседкі Алеся. Гэтыя людзі сталі мне блізкімі яшчэ тады. Наша блізкасьць захавалася на доўгія гады. І зараз мы падтрымліваем адно аднаго. Гэта па сутнасьці як сям’я. Людзі — гэта вялікая сіла, ідзіце да людзей. Не замыкайцеся ў сабе. Будзьце разам зь імі. Людзі дапамогуць, выслухаюць, падтрымаюць, і гэта вас умацуе. Трымайцеся — і гэтым вы падтрымаеце ўсіх сваіх блізкіх, хто зараз цярпіць за свае погляды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі на Свабодзе: «Ніколі не ўспрымаў тое, што чуў часам пра беларускую мову: грубая, немілагучная, неразьвітая. Ды поўная лухта!»