Бяляцкі на Свабодзе: «Я дакладна ведаю, якая Ўкраіна задавальняла б Расею і Пуціна — такая, як сёньняшняя Беларусь»

Алесь Бяляцкі, 2016 год.

10 сьнежня ў Осла адбудзецца ўручэньне Нобэлеўскай прэміі міру. На цырымоніі ня будзе аднаго зь ляўрэатаў — Алесь Бяляцкі вось ужо 17 месяцаў за кратамі, разам з сваімі паплечнікамі з праваабарончага цэнтру «Вясна».
Голас Алеся Бяляцкага некалькі дзесяцігодзьдзяў гучаў на хвалях Радыё Свабода ў абарону дэмакратычных каштоўнасьцяў у Беларусі.

У кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выходзіць кніга «Бяляцкі на Свабодзе». Аўтарытэтны праваабаронца, палітычны вязень, гісторык беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў моладзевага нацыянальна-незалежніцкага руху 1980-х — Алесь Бяляцкі выяўляецца ў гэтай кнізе ў інтэрвію і рэпартажах Свабоды.

Публікуем фрагмэнты кнігі.

«Прачынаесься і думаеш пра падзеі ва Ўкраіне»

Я дакладна ведаю, якая Ўкраіна задавальняла б Расею і Пуціна — такая, як сёньняшняя Беларусь, не самастойная ні палітычна, ні эканамічна дыктатура. Такая, як Беларусь, дзе не чуваць голас прыдушанага народу і незалежнасьць якой прывідная і слабая.

(З выступу на міжнароднай канфэрэнцыі Форум-2000 ў Празе, 13 кастрычніка 2014).

У калёніі бывала так, што ноччу прачынаесься і думаеш пра падзеі ва Ўкраіне.

(У размове з журналістамі ў дзень вызваленьня 14 чэрвеня 2014).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі: Украіна — гэта наша «славянская Сырыя»

«Ва ўцекачоў з Данбасу настроі да незалежнай Беларусі, незалежнай Украіны — не станоўчыя»

...За апошнія два гады гэта 160 тысяч уцекачоў з Украіны, з данбаскага рэгіёну пераважна, якія прынесьлі адтуль пэўныя погляды, пэўную ідэалёгію. Гэта сур’ёзны выклік для ўсяго беларускага грамадзтва, які мы яшчэ да канца не асэнсавалі.

Што кажуць гэтыя людзі беларусам? Зь якімі думкамі яны прыехалі? Што яны прынесьлі беларускаму грамадзтву? Гэта патрабуе дасьледаваньня і пэўнай рэакцыі з боку беларускага грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку нельга лічыць «трэцім бокам» ва ўкраінска-расейскай вайне — Бяляцкі

... Рабіць нейкія абагульняючыя высновы не даводзіцца, бо, падкрэсьліваю, нармальных дасьледаваньняў у гэтай групе ўцекачоў ніхто не праводзіў. Але па тых кантактах, якія маюць нашыя праваабаронцы ў рэгіёнах (а гэтыя людзі рассыпаныя па ўсёй Беларусі), дык калі казаць пра настроі, якія прыносяць гэтыя людзі, яны нават больш істотныя, чым іхняя колькасьць.

Дык вось, настроі там для дэмакратычнай Беларусі, для незалежнай Беларусі — не станоўчыя. Бо людзі прыехалі з «саўковай» псыхалёгіяй, пэўным постваенным шокам, і многія зь іх вінавацяць Украіну і тыя падзеі, якія адбыліся ў Кіеве два гады таму. Антыўкраінскія настроі яны з сабой прынесьлі. І тое, што яны кантактуюць зь іншымі беларусамі, якія ня маюць аб’ектыўнай інфармацыі, — гэта зьяўляецца адмоўным фактарам. І ніхто зь імі ў гэтым кірунку не працуе.

(Інтэрвію Радыё Свабода, 13 кастрычніка 2016).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная пракуратура накіравала ў суд справу супраць Алеся Бяляцкага і іншых чальцоў праваабарончага цэнтру «Вясна»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт заклікаў вызваліць Бяляцкага перад Нобэлеўскай цырымоніяй, а Лукашэнку наканаваў міжнародны трыбунал
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка Алеся Бяляцкага сустрэлася з мужам і расказала пра яго рэакцыю на Нобэлеўскую прэмію міру
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкі на Свабодзе: «Ніколі не ўспрымаў тое, што чуў часам пра беларускую мову: грубая, немілагучная, неразьвітая. Ды поўная лухта!»