Падчас старшынства ў Эўрапейскім зьвязе (з 1 студзеня да 30 чэрвеня 2023 году) для Швэцыі падтрымка Беларусі будзе прыярытэтам. Такую заяву зрабіў міністар замежных спраў краіны Тобіяс Більстрам на сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай 5 сьнежня ў Стакгольме.
Пра заяву Тобіяса Більстрама паведаміў BPN старшы дарадца беларускай дэмакратычнай лідэрки Франак Вячорка.
«Ціханоўская заклікала размарозіць швэдзкую дапамогу Беларусі, якая была скарочаная пасьля 2020 году, і накіраваць на падтрымку рэпрэсаваных. Яна падзякавала швэдзкім дыпляматам, якія працуюць у Менску і Вільні, і заклікала ўмацоўваць двухбаковыя дыпляматычныя сувязі з дэмакратычнымі сіламі», — адзначыў Вячорка.
Паводле яго, бакі абмеркавалі таксама, як не дапусьціць уступленьня беларускіх войск у вайну, і магчымасьць прыцягненьня рэжыму да адказнасьці празь міжнародныя інструмэнты.
Тобіяс Більстрам напісаў пасьля сустрэчы, што Швэцыя на баку Ціханоўскай і беларускай апазыцыі. «Вам заўсёды радыя ў Стакгольме для далейшага супрацоўніцтва», — падкрэсьліў кіраўнік швэдзкай дыпляматыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Два тыраны трымаюць маю краіну ў закладніках», — Ціханоўская выступіла на мітынгу салідарнасьці з Украінай у СтакгольмеЦіханоўская ў сваю чаргу адзначыла, што Швэцыя на працягу многіх гадоў падтрымлівае імкненьне беларусаў да свабоды.
«Я радая, што новы швэдзкі ўрад (сфармаваны 18 кастрычніка. — BPN.) працягвае гэтае абавязаньне. Міністар запэўніў мяне, што Швэцыя захавае Беларусь на парадку дня падчас свайго прэзыдэнцтва ў ЭЗ».
Прэм’ер-міністар Швэцыі Ульф Крыстэрсан заявіў Ціханоўскай, што Швэцыя будзе падтрымліваць беларускі дэмакратычны рух, яны абмеркавалі магчымасьць правядзеньня дыскусіі высокага ўзроўню па Беларусі. Ціханоўская расказала пра сытуацыю з Марыяй Калесьнікавай, Алесем Бяляцкім, суд над «чыгуначнымі партызанамі».
Акрамя таго, беларуская палітык патлумачыла, чаму сусьветная супольнасьць мусіць настойваць на вывядзеньні расейскіх войскаў зь Беларусі.
На перамовах зь міністрам міграцыі Марыяй Стэнэргард Ціханоўская падняла пытаньне міжнароднай абароны беларусаў, якія выехалі ў Швэцыю.
«Згодна з афіцыйнай статыстыкай, толькі 3% запытаў беларусаў аб палітычным прытулку задавальняюцца. Ціханоўская папрасіла знайсьці рашэньне для нашых суайчыньнікаў, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў. Таксама Ціханоўская прапанавала стварыць рабочую групу ў пытаньнях міграцыі з удзелам беларускай дыяспары, папрасіла працягнуць выдачу віз у Менску», — паведаміў Францішак Вячорка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка непрымальны, ягоныя словы на Захадзе нічога ня вартыя», — КавалеўскіНа сустрэчы з прэзыдэнтам гарадзкой рады Стакгольма Oле Бурэлем абмеркавалі «пытаньні падтрымкі культурных ініцыятыў і праектаў».
Ціханоўская выступіла перад беларускай дыяспарай, а таксама экспэртнай супольнасьцю на мерапрыемстве аналітычнага цэнтру замежнай палітыкі Stockholm Freeworld Forum. Яна таксама наведала помнік і ўшанавала памяць Рауля Валенбэрга — швэдзкага дыплямата, які ўратаваў жыцьці дзясяткаў тысяч габрэяў падчас Галакосту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абмеркавала з генэральным сакратаром АБСЭ сумесныя захады для вызваленьня беларускіх палітвязьняў