Для атрыманьня візы альбо ВНЖ у Літве беларусы павінны будуць адказаць на пытаньні пра вайну

Грамадзяне Расеі і Беларусі, якія будуць зьвяртацца па нацыянальную візу або від на жыхарства ў Літве, павінны будуць адказаць на пэўныя пытаньні, адказы будуць мець вырашальнае значэньне для прыняцьця рашэньня, гаворыцца ў прэс-рэлізе Дэпартамэнту міграцыі.

Калі замежнік ня стане адказваць – ягоную заяўку ня прымуць. Падобную анкету Дэпартамэнт можа прапаноўваць і грамадзянам іншых краін, інфармуе Delfi.

Апытальнік зьявіўся пасьля таго, як былі прынятыя зьмены ў законы, што рэглямэнтуюць парадак выдачы дакумэнтаў грамадзянам іншых краін, якія зьвяртаюцца па від на жыхарства ў Літве.

Такую анкету павінны будуць запаўняць усе грамадзяне Расеі і Беларусі з 18 гадоў, калі яны будуць зьвяртацца па новыя дакумэнты ці па нацыянальную візу або прасіць прадоўжыць пасьведчаньне на права жыхарства ў Літве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На ўсю сям’ю заплацілі 500 даляраў». Як беларусы цяпер атрымліваюць візы

У апытальніку замежнікі павінны будуць прадставіць інфармацыю аб сваёй адукацыі, месцах працы, службе ва ўзброеных сілах, аб бізнэс-сувязях, кантактах зь дзяржаўнымі ведамствамі краін, якія не зьяўляюцца краінамі NATO і ЭЗ, таксама павінны будуць выкласьці сваю пазыцыю адносна ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.

Паводле кіраўніцы Дэпартамэнту міграцыі Эвэліны Гудзінскайтэ, гэта будзе дадатковы фільтар бясьпекі. Ён дазволіць больш апэратыўна выявіць замежнікаў, якія ў мінулым мелі сувязі зь недэмакратычнымі рэжымамі і могуць уяўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы. Калі чалавек прадставіць ілжывыя дадзеныя або схавае нейкую значную інфармацыю, то гэта стане падставай для скасаваньня віду на жыхарства або візы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча абяцае беларусам палепшыць працу візавых цэнтраў. Што зьменіцца