Пра гэта паведаміла ўвечары расейскае міністэрства абароны. Раней пра атакі паведамлялі СМІ, якія спэцыялізуюцца на крымінальнай хроніцы, афіцыйна гэта не пацьвярджалася.
Ведамства пацьвердзіла паведамленьні пра пашкоджаньне двух стратэгічных бамбавікоў Ту-95 і гібель расейскіх вайскоўцаў. Але цьвердзіць, што абодва бесьпілётнікі былі зьбітыя. Як паведаміў прадстаўнік ведамства, пашкоджаньні нанесьлі абломкі зьбітых бесьпілётнікаў.
Украінскі бок афіцыйна не камэнтуе паведамленьняў аб нападах на расейскай тэрыторыі. Ускосна атакі пацьвердзіў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк. У панядзелак, пасьля паведамленьняў пра выбухі, ён напісаў у твітэры: «Зямля круглая. Гэта адкрыў яшчэ Галілей. Шкада, што ў Крамлі не вывучалі астраномію, аддаючы перавагу прыдворным астролягам. Тады яны б ведалі: калі вельмі часта запускаць нешта ў паветраную прастору іншых краін, рана ці позна невядомыя лётныя аб’екты вернуцца да месца вылету».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урокі вайны Расеі супраць Украіны для армій краін Захаду. Першыя высновы- Аб выбухах на аэрадроме стратэгічнай авіяцыі ў Энгельсе і авіябазе Дзягілева на ўскраіне Разані стала вядома 5 сьнежня. У Дзягілеве дысьлякуюцца самалёты-запраўнікі Іл-76, разьмяшчаецца 43-і цэнтар баявога прымяненьня і перавучваньня лётнага складу, пілётаў далёкай авіяцыі.
- Побач з базай разьмешчаны 360-ы авіяцыйны рамонтны завод, які абслугоўвае самалёты расейскай стратэгічнай авіяцыі: бамбавікі Ту-22М, ракетаносцы Ту-95МС і вайскова-транспартныя самалёты Іл-76 розных мадыфікацыяў.
- На базе ў Энгельсе разьмяшчаюцца стратэгічныя бамбавікі Ту-160 і Ту-95МС. З аэрадрому, у прыватнасьці, узьлятаюць расейскія самалёты, якія атакуюць цэлі ва Ўкраіне.