Ці пойдзе Захад на ўгоду з Лукашэнкам дзеля вызваленьня палітвязьняў? Меркаваньне Паўла Сьлюнькіна

Ці можа Захад пайсьці на перамовы і дамоўленасьці з Лукашэнкам, каб дамагчыся вызваленьня вязьняў? Свой адказ на гэтае пытаньне прапануе экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыплямат Павал Сьлюнькін.

Сьцісла

  • Захад хоча ад Лукашэнкі гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны. Лукашэнка іх даць ня здольны.
  • Ён можа вызваліць палітвязьняў, нават усіх, але ня можа спыніць рэпрэсіі.
  • Без спыненьня рэпрэсіяў нават Віктар Бабарыка ў выпадку вызваленьня ня будзе выконваць ніякай палітычнай ролі, як Аляксандар Казулін пасьля вызваленьня.
  • На істотныя саступкі ў абмен ЭЗ ня пойдзе без гарантыяў бясьпекі Ўкраіне.
  • Зьняцьцё санкцыяў адносна ўгнаеньняў і нафтаперапрацоўкі — галоўнае, чаго дамагаецца рэжым.
  • Палітвязьні — закладнікі ўразьлівасьці Лукашэнкі на дзеяньні Расеі.

— У найноўшай гісторыі Беларусі было некалькі аднатыпных цыкляў: Лукашэнка робіць нешта жахлівае, кідае шмат людзей за краты, Захад у адказ уводзіць санкцыі, санкцыі аказваюць уплыў на рэжым, бакі прыходзяць да ўгоды, у выніку якой палітвязьні выходзяць на волю. Ці ня могуць бакі ў 2023 годзе зноў прайсьці гэты цыкль?

Павал Сьлюнькін

— Чаго Захад, ЭЗ чакалі б ад Лукашэнкі? У першую чаргу — гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны, гарантыяў, што з тэрыторыі Беларусі больш ня будзе наступу на Ўкраіну, што ўкраінскія гарады ня будуць бамбіць з тэрыторыі Беларусі, што ў Беларусі ня будуць навучаць і лячыць расейскіх салдатаў.

Ці можа Лукашэнка гэта забясьпечыць, нават калі ён гэта паабяцае? Ці паверыць яму нехта? Ён жа ня ў стане гэта кантраляваць. Расейскія войскі не падпарадкоўваюцца яму, яны могуць прыходзіць і сыходзіць зь Беларусі. Вайсковы сувэрэнітэт Беларусі як мінімум абмежаваны.

Гэта, напэўна, галоўны пункт, які перашкаджае эўрапейскім краінам пайсьці на ўгоду з Лукашэнкам. Проста таму, што ён ня ў стане гарантаваць выкананьне сваіх абавязкаў у межах магчымай угоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Натальля Хершэ пра тое, як катуюць за кратамі

Вы прыгадалі ранейшыя ўгоды, якія заключаліся паміж Захадам і рэжымам у Беларусі. Але тады пытаньне вызваленьня палітвязьняў было ці не галоўным. Тады рэжым пасьля ўнутранай дэстабілізацыі браў паўзу, каб вынішчыць парасткі дэстабілізацыі. Яны нішчылі НДА, саджалі журналістаў. Але потым уладам здавалася, што становішча залагодзілася і ніякіх рызыкаў няма. Таму яны лічылі, што можна вызваліць палітвязьняў. Ці можа Лукашэнка зараз вызваліць палітвязьняў? Мне здаецца — лёгка.

Але ці можа ён спыніць рэпрэсіі, ці можа ён стварыць атмасфэру, каб людзі, якія зьехалі, вярнуліся, каб разгромленыя СМІ атрымалі легальны доступ да аўдыторыі ў Беларусі? Усё гэта было ў папярэдніх ітэрацыях збліжэньня. Ці можа ён ахалодзіць імпэт ГУБАЗіКу? Напэўна, мог бы. Але гэта азначае карэнную зьмену той новай «нармальнасьці», у якую рэжым перайшоў пасьля 2020 году. Рэпрэсіі сталі не часовым абмежаваньнем для палітызаванай часткі грамадзтва, зараз гэта рэпрэсіі супраць усяго грамадзтва.

І яны не канчаюцца. Лукашэнка можа вызваліць палітвязьняў, але ня можа спыніць рэпрэсіі. А тады які сэнс таргавацца за палітвязьняў?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны кабінэт даў справаздачу за 100 дзён: палітвязьні, добраахвотнікі ва Ўкраіне, вымушаная непублічнасьць

— Я памятаю, як у 2008 годзе кампэтэнтныя экспэрты казалі, што Лукашэнка ніколі ня вызваліць Аляксандра Казуліна, бо ўспрымае яго як пагрозу і асабістага ворага. Але вызваліў жа. Так што на пэўныя саступкі ён можа і зараз пайсьці. Але за што, у абмен на што? Што яму могуць даць наўзамен?

— Я ня бачу, што Лукашэнка можа даць такое, што зацікавіла б Эўразьвяз. У мяне і ў 2008 годзе, і пазьней не было сумневаў, што вызваліць палітвязьняў для яго не праблема сама па сабе.

Але вы маеце рацыю: а што ён можа за гэта атрымаць? Ён можа вызваліць нават Віктара Бабарыку. Можа выціснуць вызваленых палітвязьняў за мяжу, можа трымаць у Беларусі. Але калі рэпрэсіі ня спыняцца, то Бабарыка будзе проста сядзець дома, а не ў турме. Аднак палітычнай ролі ён ня будзе выконваць, як яе не выконваў Казулін пасьля вызваленьня.

Зь іншага боку, я ня бачу, што істотнае могуць даць Лукашэнку ў абмен. Чаканьні Лукашэнкі ад ЭЗ значна вышэйшыя, чым тое, што Брусэль можа яму прапанаваць.

За вызваленьне часткі палітвязьняў можна частку беларускіх чыноўнікаў выключыць з санкцыйных сьпісаў. Можна ізноў далучыць да SWIFT нейкі беларускі банк. Але Лукашэнку гэта нецікава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі: «сьляпы кат» ці «пільны хірург»? Дыскусія былых дыпляматаў

Аднаўленьне калійнага экспарту, зьняцьцё санкцыяў зь яго я б ня зьвязваў ані з вызваленьнем палітвязьняў, ані нават са спыненьнем удзелу ў расейскай агрэсіі. А зьвязваў бы з прагматычнымі інтарэсамі Захаду і сытуацыяй на сусьветным рынку ўгнаеньняў.

Нават калі Лукашэнка ні на якія саступкі ня пойдзе, а заходнім краінам спатрэбяцца беларускія калійныя ўгнаеньні, Захад можа пайсьці на пагадненьне. За адно вызваленьне палітвязьняў эўрапейцам будзе некамфортна нават сядаць за стол перамоваў, ня кажучы ўжо пра заключэньне нейкіх пагадненьняў. Іх чаканьні ад Лукашэнкі вышэйшыя за тое, што ён ім можа даць. Але і ягоныя чаканьні вышэйшыя за тое, што Захад можа яму прапанаваць. Галоўнае патрабаваньне-пажаданьне рэжыму — гэта зьняцьцё санкцыяў з калійнай галіны і з нафтаперапрацоўкі.

За вызваленьне палітвязьняў ніякіх саступак у гэтым трэку ня будзе. Менавіта таму палітвязьні сядзяць у турмах.

Так што парадку дня для перамоваў фактычна няма. І так будзе, пакуль адзін з бакоў ня стане гатовы значна зьнізіць свае чаканьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справаздача пра правы чалавека ў Беларусі ў лістападзе: 206 выпадкаў палітычнага адміністрацыйнага перасьледу, працяг катаваньняў

— І з гэтага вынікае, што ў 2023 годзе колькасьць палітвязьняў будзе толькі расьці?

— Так. Я зьвязваў бы разьвіцьцё ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі найперш з вайной. Гэта фактар, які дамінуе. Беларуская дыпляматыя стала прыдаткам вайны. Колькасьць палітвязьняў будзе залежаць ад удзелу Беларусі ў вайне. А пакуль нейкіх пазытыўных навінаў наконт гэтага я ня бачу. Раней палітвязьні, іх лёс былі адным з галоўных пытаньняў беларуска-эўрапейскіх стасункаў. Зараз не яны галоўная праблема ў гэтых стасунках, а ўдзел Беларусі ў вайне. Пра беларускіх палітвязьняў практычна не гавораць. І ў гэтым трагедыя. Палітвязьні сталі закладнікамі ня толькі Лукашэнкі, але і яго ўразьлівасьці на дзеяньні Расеі.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.