У Празе паставілі скульптуру «орка-Пуціна». Раней да амбасады Беларусі прыносілі «голых Пуціна і Лукашэнку»

Скульптура орка ў Празе

5 сьнежня актывісты праекту «Падарунак для Пуціна» (Dárek pro Putina) усталявалі ў праскім раёне Бубэнэч скульптуру орка з тварам расейскага прэзыдэнта. Ён сядзіць на газавай трубе і трымаецца за вэнтыль засаўкі.

Выродлівую скульптуру паставілі на тым жа месцы, дзе раней стаяў помнік савецкаму маршалу Коневу. Улады гарадзкой часткі Прага-6 дэмантавалі манумэнт вясной 2020 году, што выклікала абурэньне расейскіх уладаў.

«Сёньня раніцай мы паставілі там новую статую. Гэта орк з тварам Пуціна, які перакрывае газавы вэнтыль. Навошта? Каб нагадаць усім, што энэргетычны крызіс — гэта ягоная віна. Каб сабраць больш подпісаў пад нашай пэтыцыяй за адключэньне расейскай амбасады ад сьвятла, цяпла і вады. А таксама каб павіншаваць Узброеныя сілы Ўкраіны з заўтрашнім сьвятам (6 сьнежня ва Ўкраіне адзначаецца нацыянальнае вайсковае сьвята — Дзень Узброеных сіл Украіны. — РС). Браты ў зброі, тут за вас перажываюць больш людзей, чым вы думаеце! Трымайцеся», — заявілі аўтары праекту «Падарунак для Пуціна».

Вышыня часовай скульптуры 157 сантымэтраў, а вага 170 кіляграмаў. Яна прастаіць на плошчы месяц, пасьля чаго яе прададуць з аўкцыёну, а атрыманыя грошы пойдуць на куплю зброі для Ўкраіны.

Усталяваньне скульптуры ўзгоднена з муніцыпальнымі ўладамі. Яе аўтар — мастак і каваль Даніел Достал (Daniel Dostál). Перш аўтар падараваў статую пасольству Ўкраіны, аднак яно перадало скульптуру праекту «Падарунак для Пуціна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мары Лукашэнкі ня спраўджваюцца»: хто саступіў?

Праект «Падарунак для Пуціна» стартаваў як інтэрнэт-крама, якая дазваляе ўсім ахвотным пакласьці ў кошык і аплаціць карткай патроны, артылерыйскія знарады, аўтаматы, прылады начнога бачаньня, мінамёты, бронекамізэлькі, ракеты і нават цяжкую тэхніку. Сабраныя грошы ідуць на рахунак украінскага пасольства ў Празе, якое на падставе актуальных патрэбаў ВСУ закупляе патрэбную зброю або іншыя вайсковыя матэрыялы.

На мінулым тыдні актывісты таксама запусьцілі пэтыцыю за адключэньне ад цяпла, водазабесьпячэньня і электраэнэргіі пасольства Расеі ў Празе, а таксама ўсіх іншых будынкаў у расейскай дзяржаўнай уласнасьці, у тым ліку дамоў, дзе жывуць дыпляматы. Актывісты хочуць, каб тыя на сабе выпрабавалі ўмовы, у якіх вымушаны жыць украінцы, якія засталіся без цяпла і сьвятла ў выніку расейскіх ракетных абстрэлаў.

У Чэхіі часта адбываюцца крэатыўныя акцыі пратэсту. Так, летась актывісты групы «КаПуцін» прынесьлі да амбасады Беларусі ў Празе «голых Пуціна і Лукашэнку» на залатым унітазе. Да ўнітазу прымацавалі цыдулку з надпісам «Голыя забойцы».

«Лукашэнка» трымаў у руках хакейную клюшку, запэцканую фарбай, што, відавочна, сымбалізавала кроў. «Пуцін» жа са спушчанымі штанамі размахваў залатым яршком і падтрымліваў лялечнага «Аляксандра Рыгоравіча», які які сядзеў у яго на каленях. Паводле аўтараў арт-праекту, яны хацелі зьвярнуць увагу жыхароў Чэхіі і іншых краін на Расею і Беларусь, якія яны называюць двума самымі дэспатычнымі рэжымамі на эўрапейскім кантынэнце.

Сёлета ў лістападзе скульптуру выставілі на аўкцыён. Пачатковая цана 10 тысяч эўра. Грошы пойдуць на дрон для ўкраінскага войска.