У Стакгольме Ціханоўская прыняла ўдзел у акцыі Monday Movement, якая праходзіць кожны панядзелак з пачатку вайны ва Ўкраіне.
Гэты рух працягвае традыцыю мітынгаў па панядзелках 1990–1991 гадоў. Тады іх праводзілі ў падтрымку вызваленьня краінаў Балтыі ад савецкай акупацыі. Цяпер яны праходзяць супраць пуцінскай вайны, у падтрымку Ўкраіны, якая змагаецца за сваю свабоду.
«Сёньня два тыраны — Лукашэнка і Пуцін — трымаюць маю краіну ў закладніках, — сказала Ціханоўская. — Сёньня маю любімую Беларусь дыктатары выкарыстоўваюць у сваіх злачынствах супраць Украіны, і тысячы людзей адпраўляюцца ў турмы або знаходзяцца ў ссылцы. Мы ўсе разумеем, што толькі калі Ўкраіна пераможа, мы вернем нашу краіну. Толькі калі Ўкраіна пераможа, Эўропа зноў адчуе сябе ў бясьпецы. Будучыня Эўропы вырашаецца ва Ўкраіне. І наш абавязак дапамагчы Ўкраіне перамагчы».
«Перамога непазьбежная», — сказала дэмакратычная лідэрка Беларусі на завяршэньне.
Ціханоўская адзначыла, што перамога Ўкраіны ў вайне з Расеяй — пытаньне часу, аднак дадала:
«Часу, якога ў нас няма. Бо кожная хвіліна — гэта хвіліна катаваньняў у беларускіх турмах. Гэта хвіліна сьлёз для маці ўкраінскага салдата. Гэта хвіліна, якая забірае чыёсьці жыцьцё. Для свабодных людзей Беларусі і Украіны гэтыя хвіліны працягваюцца вечнасьць. Таму кожную хвіліну мы мусім нешта рабіць, каб дапамагчы ім».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абмеркавала з генэральным сакратаром АБСЭ сумесныя захады для вызваленьня беларускіх палітвязьняў