Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Піневіч 5 сьнежня абмеркавалі эпідэмічную сытуацыю ў краіне, вытворчасьць вакцын і лекаў, удасканаленьне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Лукашэнка расказаў пра сваю нядаўнюю сустрэчу зь сілавым блёкам, на якой абмяркоўвалі пытаньні бясьпекі.
«Гэта вельмі важна і актуальна. Залучаныя ўсе былі, у тым ліку і ахова здароўя. Ад мэдычных аптэчак да прывядзеньня ў нармальны стан лячэбных установаў. Падключаемся і да вайсковых мэдыкаў, а вайскоўцы да нас. Тут павінен быць вельмі інтэнсіўны абмен, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Вы самі вайсковы хірург (Дьмітры Піневіч), ведаеце, як гэта важна. Таму трэба рыхтавацца да ўсяго. Усякае можа быць, і дзяліць тут няма чаго».
Лукашэнка таксама заявіў, што ўладам «трэба спыніць будаваць палацы як у ахове здароўя, так і ў адукацыі», сказаў пра разьвіцьцё матэрыяльна-тэхнічнай базы установаў аховы здароўя і адукацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ISW: Падтрымліваючы інфармацыйны фон аб пагрозах з боку NATO, Лукашэнка імкнецца супрацьстаяць ціску РФ уступіць у вайну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «экстрэмісцкіх» справаў набралася «нават з запасам» і пацікавіўся эфэктыўнасьцю чыстак у СК