Узброеныя сілы Ўкраіны правялі вучэньні каля мяжы зь Беларусьсю, паведаміў у сваім тэлеграм-канале намесьнік камандуючага сухапутнымі войскамі УСУ Аляксандр Паўлюк, піша BPN.
«Напярэдадні завершана сумесная штабная трэніроўка 120-й асобнай брыгады тэрытарыяльнай абароны з падпарадкаванымі воінскімі часьцямі ў паласе абароны паблізу ўчастка граніцы з рэспублікай Беларусь» (артаграфія захаваная. — BPN.).
Паводле яго слоў, падчас трэніроўкі «праведзена праца па ўдасканаленьні ўзаемадзеяньня паміж ніжэйшым і вышэйшым штабамі, правераны практычныя навыкі, уменьне і зладжанасьць дзеяньняў у рабоце афіцэраў кіраваньня і падпарадкаванага асабовага складу».
Напярэдадні аб адсутнасьці пагрозы з боку беларуска-расейскай групоўкі войскаў заявіў камандуючы аб’яднанымі сіламі УСУ Сяргей Наеў.
У ранішняй зводцы ўкраінскага генштаба за 4 сьнежня зазначаецца, што «на Валынскім і Палескім напрамках абстаноўка застаецца без істотных зьмен, прыкмет фарміраваньня наступальных груповак суперніка не выяўлена».
3 сьнежня ў Беларусь прыбыў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу. Ён і яго беларускі калега Віктар Хрэнін падпісалі пратакол аб унясеньні зьмяненьняў у пагадненьне паміж Беларусьсю і РФ ад 19 сьнежня 1997 года «аб сумесным забесьпячэньні рэгіянальнай бясьпекі ў ваеннай сфэры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Шайгу прылятаў у Менск аказаць ціск на Беларусь, каб тая прымала большы ўдзел у вайне