Рашэньне перагледзець закон аб абавязковым нашэньні хіджабу — вынік пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне ўжо цягам двух месяцаў і зьвязаныя з правіламі адзеньня для жанчын. Па словах Мантазэры, парлямэнт і судовыя органы Ірану ўжо працуюць над пераглядам, піша The Guardian.
Прэзыдэнт Ірану Ібрагім Раісі раней заяўляў, што рэспубліканскія і ісламскія асновы краіны замацаваныя ў Канстытуцыі, аднак у тэлевізійным выступе сказаў, што ёсьць «гнуткія» спосабы іх рэалізацыі.
Хіджаб стаў абавязковым элемэнтам для жанчын у Іране ў красавіку 1983 году, праз чатыры гады пасьля Ісламскай рэвалюцыі. 16 верасьня 2022 году ў краіне пачаліся пратэсты, зьвязаныя з забойствам 22-гадовай актывісткі Махсы Аміні, арыштаванай нібыта за парушэньне закону аб нашэньні хіджабу. Яна была даведзеная да сьмерці паліцыяй нораваў.
У выніку многія іранкі таксама перасталі насіць хіджаб і патрабуюць спыненьня працы паліцыі нораваў, а таксама правоў і свабод, якіх пазбаўлены. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк заявіў, што падчас пратэстаў улады арыштавалі 14 тысяч чалавек, уключаючы дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Іране: больш за 400 загінулых. Тэгеран кажа аб правакацыяхІран прызнаў, што падчас пратэстаў загінулі каля 200 чалавек, і зьвярнуўся да Расеі па дапамогу ў падаўленьні народнага паўстаньня. Ён папрасіў даць тэхніку для барацьбы з пратэстамі, а таксама накіраваць дарадцаў для навучаньня. У Тэгеране разьлічваюць на дапамогу, паколькі раней паставілі Маскве дроны і спэцыялістаў для вайны супраць Украіны.
Дадзеныя ўладаў Ірану па пратэстах адрозьніваюцца ад інфармацыі праваабаронцаў: па словах апошніх, падчас пратэстаў загінулі каля 460 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: у Крыме былі забітыя іранцы, якія дапамагалі расейскім вайскоўцам кіраваць бесьпілётнікамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хаўрус ізгояў. Карбалевіч — пра тое, на чым грунтуецца рэанімацыя супрацоўніцтва Беларусі з Іранам