Урокі вайны Расеі супраць Украіны для армій краін Захаду. Першыя высновы

Украінскія вайскоўцы паблізу Бахмута, лістапад 2022

Заходнія вайскоўцы, спэцыялісты і палітыкі ўважліва сочаць за ходам расейскай вайны супраць Украіны, спрабуючы вынесьці для сябе ўрокі што да дзейснасьці тактык, відаў зброі, тэхналёгій, а таксама інфармацыйна-псыхалягічных апэрацый.

Новае дасьледаваньне брытанскага Каралеўскага інстытуту аб'яднаных службаў (RUSI) называе назіраньне за падзеямі пасьля маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага «неацэннай нагодай ацаніць магчымасьці Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі і выніковасьць цэлага шэрагу сродкаў вядзеньня сучаснай вайны».

Традыцыйная зброя

Аўтары прыходзяць да высновы, што зьнішчальная сіла расейскай арміі застаецца вялізнай, але вырашальнымі ў абароне Ўкраіны ў першыя дні вайны аказалася адважная настойлівасьць украінцаў і прымяненьне, перш за ўсё, традыцыйнай зброі, у прыватнасьці артылерыі, а пасьля адчувальную ролю пачала адыгрываць міжнародная дапамога.

Фактычна разьвенчваючы міты аб вырашальнай ролі беспілётных лятальных апаратаў накшталт турэцкіх «Байрактараў» ці нават пераносных супрацьтанкавых ракетных установак тыпу «Джавэлін», брытанская справаздача падкрэсьлівае, што «Ўкраіна сарвала спробы Расеі захапіць Кіеў, ужыўшы масіраваны агонь дзьвюх артылерыйскіх брыгад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны лічыць малаверагодным уступленьне беларускай арміі ў вайну з Украінай

Паваротны момант

Важным фактарам у вайне аўтары называюць пастаўкі Ўкраіне заходніх ракетных сыстэм залпавага агню HIMARS і M270, прымяненьне якіх названа «паваротным момантам, на якім расейскі наступ на Данбасе скончыўся, і вайна ўвайшла ў новую фазу».

Дасьледчыкі адзначаюць, што ня ўсе вынікі або напрамкі працы спэцыялістаў могуць быць апублікаваныя, але лічаць, што ўжо цяпер ёсьць магчымасьць рабіць некаторыя высновы для шырокіх колаў.

Таямнічасьць апэрацыі

Сярод першых высноваў называюць тое, што кіраўнікі Расеі фактычна дамагліся пэўнага посьпеху ў прымяненьні падману і ўтойваньні плянаў лютаўскага маштабнага нападу на Ўкраіну, але адзначаюць, што гэта таксама «прывяло да таго, што расейскія вайскоўцы на тактычным узроўні не былі падрыхтаваныя да эфэктыўнага выкананьня пляну».

«Тактычныя ўменьні расейскіх вайскоўцаў апынуліся значна ніжэйшымі за тое, як іх раней ацэньвалі многія назіральнікі па-за Ўкраінай і Расеяй. Нягледзячы на гэта, расейскія сыстэмы зброі паказалі сябе ў значнай ступені эфэктыўнымі», – адзначаюць аўтары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцін яшчэ не адмовіўся ад акупацыі». Ваенны аналітык — пра кадыраўцаў, прыгожынцаў і тэндэнцыі ўварваньня ва Ўкраіну

«Перамога Ўкраіны магчымая, але яна патрабуе цяжкіх баявых дзеяньняў. З адпаведнай падтрымкай Украіна можа перамагчы», – робіцца выснова.

Амуніцыя і беспілётнікі

Адным з важных урокаў гэтых месяцаў вайны адмыслоўцы называюць велізарнае запатрабаваньне ў амуніцыі, якая падчас актыўных баявых дзеяньняў нішчыцца ў агромністай колькасьці.

Таксама яны паказваюць, як хутка страчваюцца вельмі важныя ў сучасных баях беспілётныя лятальныя апараты: «90% беспілётнікаў страчваліся».

Сярод вырашальных фактараў аўтары называюць дакладнасьць зброі і здольнасьць баявых адзінак хутка перамяшчацца, каб пазьбегнуць агню ворага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: OSINT-аналітыкі: Узброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі 37 % акупаванай расейскімі войскамі тэрыторыі