Швэцыя экстрадавала ў Турэччыну першага асуджанага за сяброўства ў Рабочай партыі Курдыстану, якую Анкара лічыць тэрарыстычнай арганізацыяй. Пра гэта паведамляе турэцкі тэлеканал NTV.
Махмут Тат, засуджаны ў Турэччыне на 6 гадоў і 10 месяцаў зьняволеньня, папрасіў прытулку ў Швэцыі ў 2015 годзе, але атрымаў адмову. У пятніцу Тат быў дастаўлены ў Стамбул, пасьля чаго яго адвялі ў паліцэйскі ўчастак пры аэрапорце для праходжаньня мэдагляду і затрыманьня.
- У канцы чэрвеня Турэччына, Швэцыя і Фінляндыя заключылі пагадненьне па бясьпецы, якое разблякавала працэс іх далучэньня да NATO. У адміністрацыі прэзыдэнта Турэччыны адзначылі, што Швэцыя і Фінляндыя ўзялі на сябе абавязацельства не падтрымліваць Рабочую партыю Курдыстану і іншыя фармаваньні, якія Анкара лічыць тэрарыстычнымі.
- У траўні Турэччына заблякавала пачатак перамоваў у NATO аб уступленьні Фінляндыі і Швэцыі ў саюз. СМІ паведамлялі, што Анкара запатрабавала ад Швэцыі экстрадаваць 30 чалавек, якія абвінавачваюцца турэцкімі ўладамі ў тэрарызьме.
- Фінляндыя і Швэцыя адмовіліся ад нэўтралітэту і вырашылі ўступіць у NATO зь меркаваньняў уласнай бясьпекі пасьля нападу Расеі на Ўкраіну.
- Рабочая партыя Курдыстану – палітычная арганізацыя курдаў, якая прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у Турэччыне, ЗША і краінах ЭЗ.