2 сьнежня міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец паведаміў, што цяпер залічэньне ў ВНУ будзе праводзіцца па выніках 2 цэнтралізаваных экзамэнаў (адзін, абавязковы, — па расейскай або беларускай мове, другі — на выбар), аднаго дадатковага экзамэну ў выглядзе ЦТ і сярэдняга бала атэстату. Такое рашэньне прынялі па выніках нарады ў Лукашэнкі па пытаньнях удасканаленьня ўступнай кампаніі ў ВНУ.
Журналіст «Нашай Нівы» патэлефанавала на прамую лінію, яе праводзіў намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, і спытала, ці змогуць цяпер абітурыенты здаць некалькі ЦТ, а пасьля атрыманьня вынікаў абраць, зь якім сэртыфікатам ісьці паступаць.
Паводле намесьніка міністра, цяпер пасьля здачы двух цэнтралізаваных экзамэнаў у тэрмін асноўнага ЦТ абітурыенты змогуць здаць толькі адзін прадмет на выбар.
«Таго, што раней было 4 сэртыфікаты ЦТ, у гэтай мадэлі няма. Тут менавіта дзіця разам з бацькамі ці кімсьці яшчэ вызначае, кім ён хоча стаць і куды хоча паступаць», — адказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сканчэньня 11 клясаў беларускія выпускнікі будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамэныТаксама чыноўнік дадаў, што з 1 па 12 чэрвеня можна будзе прайсьці сумоўе і ўнутраны экзамэн у ВНУ абітурыентам, у якіх ёсьць мэтавае накіраваньне.
«Наўпрост падаецца заява на мэтавае, і для такіх абітурыентаў вывешваецца графік іспытаў. Праграма гэтых сумоўяў і іспытаў будзе апублікаваная на сайце Мінадукацыі да Новага года, можна будзе рыхтавацца. Ну і вы ж разумееце, што канкрэтна той заказчык, у якога вы ўзялі мэтавае накіраваньне, забярэ вас працаваць да сябе на пяць гадоў», — рэзюмаваў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Качанава заявіла, што «пастаўленая задача» разьмяркоўваць і выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся на платнай аснове