Расея фармуе «ценявы флёт» для абыходу абмежаваньняў на продаж нафты, якія заходнія краіны ўвялі ў адказ на яе поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, піша Financial Times.
Паводле ацэнак суднаходнага брокера Braemar, Расея, якая ў значнай ступені залежыць ад замежных танкераў для перавозкі нафты, сфармавала флёт з больш за 100 састарэлых танкераў. Энэргетычная кансалтынгавая кампанія Rystad сьцьвярджае, што ў 2022 годзе Расея дадала ў ланцужок нафтаперавозак 103 танкеры за кошт закупак і пераразьмеркаваньня судоў, якія абслугоўваюць Іран і Вэнэсуэлу — дзьве краіны, на якія распаўсюджваецца заходняе нафтавае эмбарга.
Ананімныя пакупкі танкераў можна адсачыць па значным павелічэньні неназваных ці новых пакупнікоў, якія зьяўляюцца ў рэестрах. Як правіла, такім судам 12-15 гадоў, і чакаецца, што яны будуць сьпісаныя ў бліжэйшыя некалькі гадоў, распавёў кіраўнік аддзела дасьледаваньняў танкераў у Braemar.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз узгадніў «столь цэнаў» на расейскую нафту — 60 даляраў за барэльУ кампаніі таксама адзначаюць, што ў 2022 годзе апэратары, зьвязаныя з Расеяй, як мяркуецца, набылі да 29 супэртанкераў, вядомых як VLCC (Very Large Crude Carrier). Гэта буйныя танкеры для перавозкі сырой нафты, кожны зь якіх здольны перавозіць больш за 2 млн барэляў. Мяркуецца, што Расея таксама дадала да свайго флёту 31 танкер памеру Suezmax, здольны несьці каля 1 млн барэляў нафты кожны, і 49 танкераў Aframax, кожны зь якіх можа перавозіць каля 700 тысяч барэляў.
Як тлумачыць аналітыкі, пасьля ўступленьня ў сілу санкцый Расеі спатрэбіцца большая колькасьць танкераў, таму што павялічыцца даўжыня кожнага рэйсу: нафту, якая раней прадавалася ў Эўропе, будуць адпраўляць новым пакупнікам у Азіі.
Трэйдары сьцьвярджаюць, што стварэньне «ценявага флёту» зьнізіць узьдзеяньне санкцый, але не ліквідуе яго цалкам. Расея ўсё роўна сутыкнецца зь недахопам танкераў і ў першыя месяцы 2023 году можа сутыкнуцца зь цяжкасьцямі пры захаваньні ўзроўню экспарту, што прывядзе да росту коштаў. Расеі неабходна больш за 240 танкераў, каб захаваць бягучыя аб’ёмы экспарту, заявіў аналітык Rystad.
- 2 сьнежня краіны Эўразьвязу, «Вялікай сямёркі» і Аўстралія дамовіліся аб максымальнай цане на расейскую танкерную нафту ў памеры 60 даляраў за барэль. З 5 сьнежня краіны будуць аказваць паслугі, зьвязаныя з расейскай танкернай нафтай, толькі ў тым выпадку, калі яе закупілі па кошце 60 даляраў за барэль ці ніжэй. Паслугі ўключаюць, у прыватнасьці, абавязковае страхаваньне марскіх перавозак паліва.
- Расея неаднаразова абяцала не прадаваць нафту па цане ніжэйшай за рынкавую краінам, якія далучацца да абмежаваньняў.