Польшча абяцае беларусам палепшыць працу візавых цэнтраў. Што зьменіцца

Польска-беларуская мяжа

Прадстаўнікі Цэнтру беларускай салідарнасьці (ЦБС) сустрэліся з супрацоўнікамі МЗС і МУС Польшчы. Сустрэча адбылася з ініцыятывы польскага боку.

Пра гэта паведамляе выданьне Reform.by.

Прадстаўнікі ЦБС расказалі аб праблемах, зь якімі сутыкаюцца беларусы пры падачы дакумэнтаў на гуманітарную візу на тэрыторыі Польшчы. У прыватнасьці, у некаторых выпадках беларусам у вуснай форме адмаўляюць у прыёме дакумэнтаў. Таксама абмяркоўвалася дыскрымінацыя беларусаў паводле нацыянальнай прыкметы ў візавых цэнтрах на тэрыторыі Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэнтар беларускай салідарнасьці: беларусы маюць значныя цяжкасьці з атрыманьнем гуманітарных візаў на тэрыторыі Польшчы

Прадстаўнікі МУС і МЗС Польшчы паабяцалі прымаць заявы і разглядаць іх у індывідуальным парадку, а таксама прыняць усе неабходныя захады для паляпшэньня працы візавых цэнтраў, паведамляе Цэнтар беларускай салідарнасьці.

Польскія чыноўнікі расказалі аб плянах, зьвязаных з выдачай візаў на тэрыторыі Польшчы. Першай важнай навіной можа стаць падаўжэньне тэрміну, на працягу якога ў беларусаў будзе магчымасьць атрымаць гуманітарную візу на тэрыторыі Польшчы. Паводле папярэдняй інфармацыі, такія візы можна будзе атрымаць да 31 сакавіка 2023 году (спачатку прыём дакумэнтаў на візы на тэрыторыі Польшчы плянавалі да 31 сьнежня 2022 году).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з міністрам унутраных спраў Польшчы, які падтрымаў яе пераходны кабінэт

Другой важнай зьменай можа стаць магчымасьць атрымаць на тэрыторыі Польшчы візу Poland Business Harbour (для ІТ-спэцыялістаў). У плянах выдаваць іх аднаразова для тых, хто ўжо меў падобную візу раней. Гэта прадугледжана ў праекце пастановы аб выдачы візаў іншаземцам.