У Інданэзіі за сэкс па-за шлюбам будуць саджаць у турму

Парлямэнт Інданэзіі абмяркоўвае новую рэдакцыю Крымінальнага кодэксу краіны. Мяркуецца, што яе прымуць 15 сьнежня.

У кодэксе, у прыватнасьці, зьявіцца артыкул, які прызнае крымінальным злачынствам сэкс па-за шлюбам: ён будзе карацца турэмным зьняволеньнем на тэрмін да аднаго году. Таксама парам будзе забаронена жыць разам да вясельля.

Намесьнік міністра юстыцыі Інданэзіі Эдуард Амар Шарыф Хіярэдж заявіў, што будзе «ганарыцца крымінальным кодэксам, які адпавядае інданэзійскім каштоўнасьцям».

У новым кодэксе таксама зьявіцца артыкул пра абразу прэзыдэнта краіны і дзяржаўнай улады. За такую правіну прадугледжана пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За $3 я магу харчавацца цэлы дзень». Як беларуска жыве ў Інданэзіі

Застануцца нязьменнымі крыміналізацыя абортаў (акрамя выпадкаў, калі цяжарнасьць наступіла ў выніку згвалтаваньня) і артыкул за «чарадзейства і чорную магію».

  • Кансэрватыўныя настроі інданэзійскіх уладаў узмацняюцца; новую рэдакцыю кодэксу падтрымліваюць многія ісламісцкія групы. Іх апанэнты лічаць, што новы кодэкс супярэчыць лібэральным рэформам, праведзеным у краіне пасьля адстаўкі ў 1998 годзе дыктатара Сухарта.
  • Раней спроба ўнесьці зьмены ў Крымінальны кодэкс рабілася інданэзійскім кіраўніцтвам у 2019 годзе, але выклікала масавыя пратэсты. Дзясяткі тысячаў людзей выйшлі на вуліцы, каб выказацца супраць новых законаў, асабліва ў галіне грамадзкай маралі і свабоды слова, якія, на іх думку, парушылі б грамадзянскія свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За $3 я магу харчавацца цэлы дзень». Як беларуска жыве ў Інданэзіі