Падчас «хапуну» ў Мёрах затрымалі сама меней 13 чалавек, сярод іх «Чалавек году Віцебшчыны»

Завод Miory Steel, дзе адбыліся затрыманьні 30 лістапада 2022

Масавыя затрыманьні ў Мёрах Віцебскай вобласьці адбыліся 30 лістапада.

Праваабаронцам стала вядома, што падчас масавага «хапуну» ў Мёрах, які адбыўся 30 лістапада, сілавікі затрымалі мінімум 13 чалавек. Вядома, што затрымлівалі людзей на Мёрскім мэталапракатным заводзе, а таксама ў іншых месцах.

Паводле непацьверджанай інфармацыі, затрыманьні зьвязаныя са «зьлівамі» ў Чорную кнігу Беларусі і абразы ў камэнтарах.
Праваабаронцам ужо вядомы прозьвішчы трох затрыманых: Сяргей Ерафееў, а таксама бацька і сын: Вітольд Ермалёнак і Антон Ермалёнак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 лістапада: арышты на заводзе ў Мёрах; зноў затрымалі сацыёляга Аксану Шэлест

Вітольд Ермалёнак — кіраўнік музэйнага абʼяднання «Спадчына Міёрскага краю», настаўнік гісторыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, аўтар больш як 450 публікацый, ляўрэат Прэміі прэзыдэнта «За духоўнае адраджэньне», быў прызнаны «Чалавекам году Віцебшчыны» у 2010 годзе.

30 лістапада ў Мёрах адбыўся «хапун» на заводзе Miory Steel — затрымалі мінімум 5 чалавек, затрымлівалі тых, хто быў актыўным пасьля выбараў.

Мёрскі мэталапракатны завод Miory Steel збудаваны ў 2015 годзе пры дапамозе замежных інвэстараў і нават быў спонсарам папулярных аўтагонак «Формула-1».

Аднак на пачатку лета 2021 году ў прадпрыемства пачаліся праблемы. На заводзе чакалі прыезду Лукашэнкі, аднак замест яго на завод прыйшлі сілавікі. Яны затрымалі старшыню рады дырэктараў і аднаго з інвэстараў Аляксея Кавалёнка, а таксама некалькіх кіраўнікоў заводу: генэральнага дырэктара Пятра Шымуковіча і намесьніка генэральнага дырэктара ў эканоміцы і фінансах Дзьмітрыя Слаўнікава. Пасьля гэтага завод стаў паказваць вялізныя страты і амаль дайшоў да банкруцтва.