Сацапытаньне: большасьць амэрыканцаў за тое, каб ЗША працягвалі дапамагаць Ўкраіне

Акцыя пратэсту супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вашынгтон, 6 сакавіка 2022

Паводле апытаньня, праведзенага Інстытутам Рональда Рэйгана, 82% амэрыканцаў успрымаюць Расею як варожую дзяржаву.

Паводле вынікаў сацыялягічнага апытаньня, апублікаваных 1 сьнежня, большасьць амэрыканцаў (57%) лічаць, што Злучаным Штатам трэба працягваць аказваць ваенную і фінансавую дапамогу ўкраінскаму народу ў яго барацьбе з расейскай агрэсіяй.

Толькі 33% удзельнікаў сёлетняга апытаньня, якое штогод праводзіцца Інстытутам Рональда Рэйгана, заявілі, што Злучаныя Штаты ня могуць дазволіць сабе марнаваць больш сродкаў на канфлікт і правакаваць Расею.

82% рэспандэнтаў заявілі аб тым, што ўспрымаюць Расею як варожую дзяржаву. Гэта значна вышэй, чым летась, калі Расею ворагам назвалі 65% апытаных.

Пры гэтым 76% рэспандэнтаў заявілі, што лічаць Украіну саюзьнікам. Гэта значна больш, чым у 2021 годзе, калі менш за палову (49%) рэспандэнтаў далі такі адказ.

Як і ў папярэдніх апытаньнях, праведзеных Інстытутам Рональда Рэйгана, большасьць — 60% амэрыканцаў — станоўча ставяцца да NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн выказаў гатоўнасьць весьці перамовы з Пуціным, калі той захоча скончыць вайну ва Ўкраіне

Амэрыканцы ўсё больш занепакоеныя пагрозамі з боку Кітая: 75% заявілі, што лічаць КНР варожай дзяржавай. У 2021 годзе аб такім пункце гледжаньня паведамілі 65% рэспандэнтаў, а ў 2018 — 55%.

Многія апытаныя лічаць Кітай краінай, якая нясе найбольшую пагрозу для Злучаных Штатаў, і 70% падзяляюць асьцярогі наконт пагрозы ўварваньня Кітая ў Тайвань у наступныя пяць гадоў.

Хоць і дэмакраты, і рэспубліканцы падтрымліваюць меры па стрымліваньні кітайскага ўварваньня на Тайвань дзякуючы ўзмацненьню ваеннай прысутнасьці ЗША і павелічэньню продажаў зброі на востраў, больш за палову апытаных (54%) лічаць, што ў ЗША няма «выразнай стратэгіі» ў разьвіцьці адносін з Кітаем.

У выпадку, калі Кітай уварвецца ў Тайвань, 43% апытаных падтрымаюць адпраўку сухапутных войскаў для абароны вострава, а 36% заявілі, што выступяць супраць адпраўкі вайскоўцаў у рэгіён.

Грамадзкі давер да Ўзброеных сіл у ЗША пахіснуўся: толькі 48% удзельнікаў гэтага апытаньня заявілі, што яны «значна» давяраюць амэрыканскім вайскоўцам, у параўнаньні з 70% рэспандэнтаў у 2018 годзе.

Паводле апытаньня, гэта зьвязана з шэрагам фактараў, у тым ліку зь меркаваньнем большасьці рэспандэнтаў аб тым, што вайсковае кіраўніцтва празьмерна палітызаванае і аказваецца ў занадта вялікай залежнасьці ад асабістай эфэктыўнасьці і кампэтэнтнасьці прэзыдэнтаў, якія зьяўляюцца галоўнакамандуючымі ўзброенымі сіламі краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн і Сі Цзіньпін выступілі супраць прымяненьня ядзернай зброі ва Ўкраіне