Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што гатовы весьці перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, калі б той выявіў жаданьне скончыць вайну ва Ўкраіне. Байдэн зазначыў, што вёў бы такія перамовы ў кансультацыях з саюзьнікамі з NATO.
Словы Байдэна на прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам цытуе Reuters.
Пасьля завяршэньня сустрэчы Байдэн і Макрон апублікавалі заяву, у якой адзначаецца, што лідэры дзьвюх краін рашуча асуджаюць «процізаконную агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны» і «падкрэсьліваюць, што наўмыснае нанясеньне ўдараў па цывільным насельніцтве і цывільнай інфраструктуры — гэта ваенныя злачынствы, вінаватыя ў якіх павінны быць прыцягнуты да адказнасьці», — перадае «Голас Амэрыкі».
На прэс-канфэрэнцыі Макрон паабяцаў не патрабаваць ад Украіны, каб тая прымала кампрамісы, да якіх яна не гатовая, цытуе яго Agence France-Presse.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нямеччына лічыла, што Кіеву лепш здацца, Францыя ня верыла ў пачатак вайны»,— Джонсан раскрыў перадваенныя настроі Эўропы