«Кожнаму чалавеку, які супрацьстаіць тыраніі ў Беларусі, асабліва важна быць прынамсі бачным і пачутым. Важна, каб АБСЭ адсочвала сытуацыю ў Беларусі, не здымала яе з парадку дня і дэманстравала салідарнасьць з барацьбой нашага народу, — сказала Ціханоўская ў пачатку свайго выступу. — Я ўпэўненая, што АБСЭ мае інструмэнты ўплыву на сытуацыю. І я вас прашу: не чакайце чарговай ахвяры, не чакайце чарговай сьмерці, трэба дзейнічаць зараз».
Гаворачы пра палітвязьняў у Беларусі, Ціханоўская згадала па імені Марыю Калесьнікаву, Алеся Бяляцкага.
Наконт пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі дэмакратычная лідэрка Беларусі адзначыла:
«Рэжым Лукашэнкі адчуў сваю беспакаранасьць і пайшоў далей са сваім тэрорам. Першым сьведчаньнем гэтага стаў згон самалёта кампаніі Ryanair. Другім — маштабны міграцыйны крызіс, які ўчыніў Лукашэнка на мяжы з Эўропай.
Наступным крокам тырана стаў яго ўдзел у злачыннай вайне супраць Украіны. Чарговы раз парушаючы Канстытуцыю Беларусі і ўсе існыя нормы, чарговы раз здрадзіўшы нацыянальным інтарэсам беларусаў, Лукашэнка заключыў дамову з д’яблам.
Ён сам запрасіў у нашу краіну акупацыйныя войскі і прадаў беларускі сувэрэнітэт за магчымасьць яшчэ трохі пасядзець на сваім троне. Цяпер ён тэрарызуе ня толькі беларусаў, але і ўсю эўрапейскую грамадзкасьць».
Гаворачы пра тое, што АБСЭ можа зрабіць у цяперашняй сытуацыі, Ціханоўская сказала:
«Я ўпэўненая, што кожны з нас можа зрабіць больш, каб спыніць гэты крызіс і з гэтай дапамогай спыніць вайну. Я ўпэўненая, што АБСЭ можа зрабіць значна больш.
Я заклікаю вас зноў запусьціць Маскоўскі мэханізм разгляду злачынстваў рэжыму Лукашэнкі.
Я заклікаю вас падтрымаць беларускіх праваабаронцаў і незалежных журналістаў.
Заклікаю прасіць і настойваць на наведваньні палітвязьняў у месцах іх зьняволеньня. Ці адмовіў бы рэжым Лукашэнкі ў просьбе наведаць ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага? Ці ляўрэата прэміі Сахарава Марыю Калесьнікаву? Ці паступалі такія запыты?
Заклікаю працягваць і павялічваць ціск на нелегітымны рэжым. Мы не павінны прасіць яго абмяркоўваць і весьці перамовы. Трэба прымусіць яго безумоўна вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі. Мы патрабуем рэабілітацыі ўсіх, хто пацярпеў ад незаконных затрыманьняў.
Я заклікаю запатрабаваць неадкладнага і безумоўнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.
Заклікаю вас арганізаваць слуханьні аб гуманітарным крызісе ў Беларусі і аб удзеле рэжыму ў вайне супраць волі беларусаў. Запрасіць на гэтыя слуханьні прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі, у тым ліку і Абʼяднаны пераходны кабінэт. Гэта будзе першы крок у эфэктыўным супрацьстаяньні тыраніі і пагрозам эўрапейскай бясьпецы».
Афіцыйны Менск на саміце АБСЭ ў Лодзі прадстаўляе Андрэй Дапкюнас, пасол Беларусі ў Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ. Раней на саміт запрашалі міністра замежных справаў Уладзімера Макея, але ён памёр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На саміце АБСЭ ў Лодзі агучылі выступ памерлага Макея. Ён зьбіраўся выказаць расчараваньне адсутнасьцю Лаўрова