Міністар замежных спраў Расеі Лаўроў: Сумесная групоўка войскаў Расеі і Беларусі гатовая да любога варыянту разьвіцьця падзей

Сяргей Лаўроў

Пра гэта міністар замежных спраў Расеі сказаў 1 сьнежня на прэс-канфэрэнцыі аб праблемах эўрапейскай бясьпекі.

«У сумеснай групоўкі ёсьць сухапутныя, паветраныя складнікі. Нашы прэзыдэнты ўдзяляюць ёй павышаную ўвагу, улічваючы правакацыі з боку Ўкраіны. Усе неабходныя меры гатоўнасьці да любых варыянтаў прынятыя. Я вас запэўніваю, мы будзем спадзявацца на нашу саюзную дзяржаву і яе магчымасьці. Магчымасьці там добрыя», — сказаў Сяргей Лаўроў.

Ён таксама выказаў пагрозы ў бок Захаду.

«Калі Заходняя Эўропа, NATO, Эўразьвяз зразумеюць тупіковасьць той лініі, якую яны праводзяць, і вялізныя рызыкі, якія ў ёй зьмяшчаюцца, мы паглядзім, з чым яны будуць гатовы прыйсьці да нас з просьбай абмеркаваць нейкія іншыя магчымасьці».

Узаемадзеяньне ў эўрапейскай бясьпецы наўрад ці ўдасца аднавіць у хуткім часе, сказаў Лаўроў. Паводле яго, супрацоўніцтва з заходнімі краінамі будзе магчымым «толькі на прынцыпова новых асновах узаемадзеяньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча адмовілася дапусьціць расейскага міністра Лаўрова на паседжаньне АБСЭ ў Лодзі

Пагрозай бясьпецы Расеі міністар назваў перамяшчэньне войскаў NATO «ўсё бліжэй да межаў Расеі».

Сумесная групоўка войскаў Расеі і Беларусі пачала разгортваньне 15 кастрычніка. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы».

Агульная колькасьць Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ) налічвае каля 9 тысяч вайскоўцаў.

Беларускія палігоны актыўна выкарыстоўваюцца для трэнаваньняў расейскіх вайскоўцаў перад іх адпраўкаў на вайну супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Расеі паказала, як на беларускім палігоне трэнуецца «папаўненьне». ВІДЭА

Перад пачаткам поўнамаштабнай вайны, разьвязанай Расеяй супраць Украіны, Лукашэнка пагражаў Эўропе тым, што вайна скончыцца за 3-4 дні, а войскі Расеі і Беларусі, у выпадку чаго, дойдуць да Ля-Маншу хутчэй, чым Паўночна-Атлянтычны альянс разгорне свае сілы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка, які казаў пра вайну з Украінай за тры дні, прагназуе яшчэ 2 гады баёў

Пасьля шматлікіх паразаў расейцаў на полі бою ва Ўкраіне рыторыка Лукашэнкі зьмянілася. Ён прапаноўваў Беларусь у ролі пасярэдніка пры перамовах аб міры паміж суседзямі, запэўніваў, што ў Менску ня хочуць вайны. Аднак пры гэтым ведамствы дзяржавы працягваюць абвінавачаньні ў бок Украіны, Польшчы і Літвы, гаворачы аб правакацыях на мяжы і агрэсіўных паводзінах войскаў NATO «тэрыторыі саюзнай дзяржавы».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.