ГУБАЗіК правёў новыя затрыманьні за абразы памерлага Макея

Дзьверы, на фоне якіх сілавікі запісваюць свае відэа

У Беларусі адбываецца перасьлед за камэнтары, пакінутыя ў інтэрнэце, у адрас памерлага міністра замежных спраў Ўладзімера Макея.

ГУБАЗіК 1 сьнежня паведаміў, што затрымаў яшчэ дваіх чалавек за камэнтары пасьля сьмерці кіраўніка МЗС Беларусі Ўладзімера Макея.

Агулам праўладныя каналы паведамілі пра траіх чалавек, затрыманых за нэгатыўныя камэнтары пра Макея. Усяго, паводле іх, вызначаны дадзеныя 20 чалавек, якія знаходзяцца ў Беларусі і напісалі абразьлівыя камэнтары пасьля сьмерці чыноўніка. За мяжой знаходзяцца яшчэ 50 чалавек, дадзеныя якіх устанавілі. Сілавікі абяцаюць ім «цёплы прыём пры вяртаньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома аб першым затрыманьні за камэнтар пра сьмерць Макея

Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей раптоўна памёр у суботу, 26 лістапада, на 65-м годзе жыцьця. Афіцыйна пра абставіны і прычыны сьмерці да сёньня не паведамляюць.

Цырымонія разьвітаньня прайшла ў менскім Доме афіцэраў, на ёй прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка. Пахавалі Ўладзімера Макея на Ўсходніх могілках у Менску.

Раней у Беларусі затрымлівалі за нэгатыўныя камэнтары пра загінулага ў перастрэлцы супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, загінулых лётчыкаў Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ня ўдасца абвергнуць вэрсіі пра забойства Макея