Reuters: Пэнтагон выдзеліць $1,2 млрд на NASAMS для Ўкраіны

NASAMS у Нідэрляндах. Ілюстрацыйны здымак

Міністэрства абароны ЗША заключыць з амэрыканскай абароннай і аэракасьмічнай кампаніяй Raytheon Technologies кантракт на вытворчасьць шасьці перасоўных зэнітна-ракетных комплексаў (ЗРК) NASAMS для іх наступнай перадачы Ўкраіне.

Пра гэта ў сераду, 30 лістапада, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на інфармаваную крыніцу ў Вашынгтоне.

Як сьцьвярджае агенцтва, ягоны карэспандэнт таксама бачыў адпаведны дакумэнт. Згодна зь ім, сума кантракту складзе 1,2 млрд даляраў.

Аб тэрмінах выкананьня кантракту, як і аб якіх-небудзь іншых падрабязнасьцях, не паведамляецца. Камэнтары ад афіцыйных асобаў пра гэта таксама пакуль не паступалі.

Злучаныя Штаты ўжо перадалі Кіеву некалькі ўстановак NASAMS. 25 верасьня аб пастаўцы амэрыканскіх ЗРК паведаміў прэзыдэнт Зяленскі, 7 лістапада — міністар абароны Рэзьнікаў. Апошні зазначыў, што гэтыя ўстаноўкі «значна ўзмоцняць украінскую армію» і зробяць неба Ўкраіны больш бясьпечным.

Брытанскі ваенны аглядальнік Цім Рыплі таксама лічыць, што ЗРК NASAMS дазволяць Украіне «залатаць нямала дзірак» у яе супрацьпаветранай абароне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гішпанскаму вытворцу зброі для Ўкраіны даслалі бомбу