«Спадзяемся, яны (перамовы) пачнуцца як мага хутчэй. Усё яшчэ разлічваем на больш хуткую станоўчую рэакцыю [заходніх палітыкаў] на нашы заклікі», — заявіў міністр абароны генерал Віктар Хрэнін. Як лічыць міністр, «перамовы ў любым выпадку пачнуцца, гэта заканамерны вынік любога канфлікту, аднак кожны дзень прамаруджвання каштуе чалавечых жыццяў».
«Нягледзячы на тое, што нормай для заходніх і ўкраінскіх палітыкаў сталі вельмі некарэктныя фармулёўкі ў адносінах да вышэйшага палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Беларусі, а таксама нашай краіны ў цэлым, гатоўнасць да дыялогу па ваеннай лініі мы захоўваем і сёння», — заявіў Хрэнін.
Як запэўніў міністр, «ад нашых заходніх калег мы таксама атрымліваем сігналы аб гатоўнасці да перагавораў», аднак «меркаванне ваенных на Захадзе практычна не ўлічваецца».
«Аналіз паказаў, што Захад адпрацоўвае пытаньні наступальнага характару, і Беларусь з Расеяй ужо прама разглядаюцца ў якасьці праціўніка», — заявіў Хрэнін.
Паводле міністра, «можна канстатаваць: ідзе падрыхтоўка да вядзеньня ваенных дзеяньняў на ўсходнім кірунку. Мы гэта бачым і робім адпаведныя высновы. „Каляровая рэвалюцыя“ ў Беларусі не ўдалася, але пытаньне з парадку дня ня зьнятае, і крывадушная барацьба супраць нас і Расеі працягваецца».
Хрэнін таксама заявіў: «Агрэсарам нашу краіну называюць, хаця ня могуць прывесьці ніводнага факту ў пацьвярджэньне».
Пры гэтым ён, аднак, не згадаў тое, што з тэрыторыі Беларусі сёлета ў лютым расейскія войскі ўвайшлі ва Ўкраіну для маштабнага нападу, а потым зь беларускай тэрыторыі расейцы рэгулярна рабілі абстрэлы Ўкраіны.
«Захад вядзе ва Ўкраіне падрыхтоўку нацыяналістычных вайсковых фармаваньняў кшталту батальёну Каліноўскага, палку „Пагоня“, якія атрымліваюць там досьвед рэальных баявых дзеяньняў і могуць быць скарыстаны супраць нашай краіны з мэтай сілавога захопу ўлады ў Беларусі», — цытуе «Беларусь сегодня» міністра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі будзе атака зь Беларусі, гэтым разам Кіеў ударыць у адказ», — дырэктар Rochan Consulting