Сьвятлана Ціханоўская накіроўваецца на 29-ю сустрэчу Рады міністраў АБСЭ ў Лодзі, паведаміла яе прэс-служба.
У рамках візыту 1 сьнежня ў 16:30 яна выступіць у дыскусіі «Пагаршэньне палітычнай сытуацыі і сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і яе наступствы для АБСЭ», арганізаваным Эстоніяй пры падтрымцы 37 дзяржаваў — удзельніц АБСЭ. Яна выкажацца на панэльнай дыскусіі разам з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці.
Сьвятлана Ціханоўская таксама правядзе шэраг сустрэч высокага ўзроўню.
Паседжаньне Рады міністраў замежных справаў АБСЭ адбудзецца ў польскім горадзе Лодзь 1–2 сьнежня.
Прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна раней паведаміў, што афіцыйны Менск замест кіраўніка МЗС Беларусі Ўладзімера Макея, які памёр 26 лістапада, будзе прадстаўляць Андрэй Дапкюнас.
Андрэй Дапкюнас займаў пасаду намесьніка міністра замежных справаў Беларусі з 2017 па 2020 год. У ліпені 2020 году быў прызначаны паслом Беларусі ў Аўстрыі і Славеніі, а таксама пастаянным прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і пры Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ).
Раней міністар замежных справаў Польшчы Зьбігнеў Раў і генэральны сакратар АБСЭ Гэльга Шмід пацьвердзілі, што ўдзельнічаць у паседжаньні Рады міністраў замежных справаў АБСЭ на наступным меў Уладзімер Макей. Аднак Макей раптоўна памёр у суботу, 26 сьнежня, на 65-м годзе жыцьця. Афіцыйна пра абставіны і прычыны сьмерці не паведамляюць. За дзень да гэтага ён праводзіў у сядзібе МЗС рабочыя сустрэчы.
На саміт у Лодзь арганізатары адмовіліся запрасіць міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова як прадстаўніка краіны-агрэсара ў вайне з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ: Мы спрабуем максымальна ізаляваць Беларусь як суагрэсара ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На саміт АБСЭ замест Макея паедзе пасол Беларусі ў Аўстрыі Дапкюнас