Цзян Цзэмінь нарадзіўся 17 жніўня 1926 году ва ўсходняй кітайскай правінцыі Цзянсу. У 1947 годзе скончыў унівэрсытэт у Шанхаі, атрымаўшы спэцыяльнасьць інжынэра-электрыка. Пасьля навучаньня ён 30 гадоў працаваў у міністэрстве машынабудаваньня КНР.
У 1955 годзе Цзян Цзэмінь праходзіў чатырохмесячную практыку на заводзе імя Сталіна ў Маскве. Там вывучыў расейскую мову. У 1982 годзе ўзначаліў міністэрства электроннай прамысловасці Кітаю. З 1985 па 1989 гады займаў пасаду мэра Шанхаю.
У чэрвені 1989 года Цзян Цзэмінь заняў пасаду генэральнага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Кітаю. Папярэднік Цзян Цзэміня — Чжао Цзыян — падтрымаў патрабаваньні студэнтаў-пратэстоўцаў на плошчы Цяньаньмэнь, пасьля чаго яго зьнялі з пасады.
У 1993–2003 гадах Цзян Цзэмінь займаў пасаду старшыні КНР. У гэтай функцыі ён наведаў Беларусь у 2001 годзе.
Пры Цзян Цзэміню эканоміка Кітаю выйшла на сёмае месца ў сьвеце. Краіна таксама ўступіла ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай-Беларусь: што трэба ведаць