Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, палітоляг Пётра Рудкоўскі камэнтуе артыкул на амэрыканскім аналітычным рэсурсе, паводле якога «Масква рыхтуе ліквідацыю Лукашэнкі»; тлумачыць, чаму Крэмль усё больш незадаволены менскім кіраўніком, і заяўляе, што далучэньне Беларусі можа адбыцца у якасьці «альтэрнатыўнай перамогі» пры паразе ва Ўкраіне.
Сьцісла:
- У Маскве могуць разглядаць даволі радыкальныя сцэнары стасоўна Лукашэнкі.
- У Крамля вельмі шмат прычынаў быць незадаволеным Лукашэнкам.
- У Пуціна былі ўсе падставы лічыць, што Лукашэнка цяпер ужо ягоны даўжнік назаўсёды.
- Саюзьнік, які, здавалася, на сто працэнтаў павінен адчуваць сабе абавязаным ва ўсім Крамлю, — надалей спрабуе манэўраваць
- У якасьці хоць якой альтэрнатыўнай перамогі для Крамля можа ўзьнікнуць тэма далучэньня Беларусі да Расеі.
— У сацыяльных сетках і нават выказваньнях публічных асобаў прагучала даволі шмат недаверу да абставінаў сьмерці міністра замежных справаў Уладзімера Макея. Ва Ўкраіне, як выглядае, увогуле большасьць тых, хто выказаўся на гэтую тэму, упэўненыя, што Макея прыбраў Крэмль. Чым можна патлумачыць такія вэрсіі і развагі?
— Наколькі ведаю, афіцыйная прычына сьмерці дагэтуль так і не названая. Вэрсію пра раптоўны інфаркт дала «Наша Ніва» з спасылкай на свае ананімныя крыніцы. Але афіцыйна нічога не паведамлялі.
Таму зьяўленьне розных кансьпіралягічных вэрсіяў можна патлумачыць — сьмерць надышла нечакана, Макей быў энэргічным чалавекам, не выглядаў хворым. Прэсавы сакратар МЗС Глаз паведаміў, што «нічога не прадказвала» такі канец — яшчэ днямі абмяркоўвалі пляны на тыдзень. І раптам міністар памёр.
Натуральна, у жыцьці ўсякае бывае, але ўсё роўна ў людзей узьнікаюць пытаньні, калі нестары і здаровы чалавек раптоўна памірае.
— Тым часам літаральна за дзень да сьмерці Макея зьявіўся артыкул на адным з амэрыканскіх паліталягічных сайтаў, у якім сьцьвярджаецца літаральна наступнае: «Масква плянуе зьліквідаваць Лукашэнку». Зразумела, тэма ня новая, але зараз яна гучыць у новых абставінах, падчас вайны і яўнага нежаданьня Лукашэнкі ўступаць у яе больш актыўна. Ці ёсьць нейкія аналітычныя падставы ўсур’ёз разглядаць гэтую вэрсію?
— Я схільны давяраць таму, што ў Маскве могуць разглядаць даволі радыкальныя сцэнары стасоўна Лукашэнкі. Сам гэты амэрыканскі аналітычны цэнтар пакідае сур’ёзнае ўражаньне, там вялікая каманда, надзейныя крыніцы інфармацыі, сувязі з выведнымі структурамі.
Іншая рэч — кантэкст цяперашніх падзеяў. Незалежна ад гэтай публікацыі зразумела, што ў Крамля ёсьць вельмі шмат прычынаў быць незадаволеным Лукашэнкам. Пасьля таго як менскі кіраўнік вісеў на валаску і ў асноўным дзякуючы Пуціну захаваў сваю ўладу — у Крамля былі ўсе падставы лічыць, што цяпер ён ужо даўжнік назаўсёды. Сапраўды, у Лукашэнкі за 20 гадоў перад Пуціным назапасілася шмат даўгоў — палітычнага, эканамічнага, асабістага характару. Лукашэнка за гэты час шмат чаго сабе дазваляў стасоўна Крамля.
На думку Масквы, надышоў час расплаты. Але якім чынам Лукашэнка плаціць? Быў казус з прыездам у канцы ліпеня Дзяніса Пушыліна, кіраўніка так званай ДНР. Яго ў такой прыніжальнай форме прынялі ўлады Беларусі! Ня толькі ў Менск не пусьцілі, а сустрэлі чыноўнікі нізкага ўзроўню ў Берасьці, і ўсе дзяржаўныя СМІ пра гэта прамаўчалі. Ня лепш атрымалася і з паездкай Лукашэнкі ў Абхазію, якую беларускі бок прадставіў як амаль гістарычна-турыстычнае падарожжа. Мяркую, для Крамля ўсё гэта выглядае такімі зьдзеклівымі, непрымальнымі крокамі.
Такі хаўрусьнік, які, здавалася, на сто працэнтаў павінен пачувацца абавязаным ува ўсім Крамлю — надалей спрабуе манэўраваць. Няма ніякіх сумневаў, што гэта выклікае раздражненьне ў Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць Макея, або Чаму ня варта і на хвіліну станавіцца на бок Зла— Тэма пра тое, што Масква не задаволеная Лукашэнкам і можа яго зрынуць, гучыць даволі даўно, у 2020 яе абмяркоўвалі ці не штодня. Аднак нічога такога дагэтуль не адбылося. Калі ня браць гэтыя ў прынцыпе даволі дробныя дэталі, якія вы прыгадалі, — то хіба ў стратэгічным сэнсе Лукашэнка не выконвае ўсе пажаданьні Масквы?
— Ёсьць рэчы, якія на паверхні, а ёсьць рэчы, пра якія можам толькі здагадвацца. Сем разоў Лукашэнку выклікалі на сустрэчы да Пуціна, якія часам працягваліся па некалькі дзён. З таго, што праточвалася на публіку, пэўна можна сказаць, што падымалася пытаньне актыўнага ўдзелу арміі Беларусі ў вайне супраць Украіны. Але гэтага дасюль не адбылося.
Выпадак са зьдзеклівым прыёмам у Беларусі Пушыліна — гэта зусім ня дробязь. Расейскі бок зрабіў усё, каб гэта было на самым высокім узроўні, прысутнічаў амбасадар Расеі Грызлоў, прыехаў сакратар «Адзінай Расеі», а з боку афіцыйнага Менску адбыўся такі зьдзек.
Ёсьць і іншыя рэчы. З нашага гледзішча гэта можа выглядаць як нейкая драбяза, але для Крамля, асабліва ў ваенны час, гэта вельмі сур’ёзныя рэчы. Напрыклад, тое, што ў ліпені Лукашэнка заяўляе, што Вялікае Княства Літоўскае было першай беларускай дзяржавай. Гэта ВКЛ, якое 15 разоў ваявала з Маскоўскай дзяржавай і ніколі не было яе саюзьніцай. Пачуйце гэта вушамі крамлёўцаў, асабліва ў часе вайны, якую яны вядуць за аднаўленьне сваёй сфэры ўплыву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьцельнік дыктатара», «фаварыт Захаду», «сапраўдны сябар Расеі». Арастовіч, Гардон, Дубноў, Зась і іншыя пра адыход Макея— Але калі дапусьціць, што рацыянальныя элемэнты яшчэ ёсьць у прыняцьці рашэньня ў Крамлі — то як з рацыянальнага гледзішча ацаніць пэрспэктыву «ўхіленьня» Лукашэнкі? Хіба гэта не прынясе Маскве толькі больш праблемаў?
— Так, гэта рэч, якая, напэўна, і раней стрымлівала Маскву, прымушала яе падтрымліваць Лукашэнку. Не было на каго рабіць стаўку, бо прарасейская групоўка была разрозьненая і сам Лукашэнка не даваў ёй моцна падняцца.
Але цяпер, як можна меркаваць з гэтай публікацыі, у Крамлі насьпявае гатоўнасьць да радыкальнага варыянту што да Лукашэнкі. Альбо моцна яго напалохаць, каб інсцэнізаваць замах, але без давядзеньня да канца. (У гэтым сэнсе сьмерць Макея якраз можа быць такім «палоханьнем»).
Магчымы і самы радыкальны варыянт фізычнага зьнішчэньня Лукашэнкі. Альбо адхіліць ад улады і паставіць на ягонае месца каго-небудзь з правераных прарасейскіх сілавікоў. Вось ужо больш за год амбасадар Грызлоў, цяжкавагавік расейскай палітыкі, знаходзіцца ў Беларусі і ўсур’ёз вывучае сытуацыю — то цяпер у Крамля можа быць большая рашучасьць, чым паўтара-два гады таму.
Але, натуральна, што пры такім варыянце для таго ж Крамля ўзьнікаюць пэўныя рызыкі і небясьпекі.
— Калі сам Лукашэнка паводле сваіх крыніцаў разумее, што такія ідэі недзе лунаюць у Крамлі — то што ён можа зрабіць, каб перадухіліць такі варыянт? Сустрэцца з Пуціным і зноў даказваць яму сваю поўную вернасьць? Ці наадварот — узмацняць ахову і ісьці на канфлікт? Якія ў яго опцыі?
— Як ён гэта ацэньвае і якія захады прымае — сказаць складана. Але тое, што мы ведаем і што можам сьцьвярджаць: Лукашэнка пры ўсёй сваёй адыёзнасьці — дасьведчаны палітык, адчувае сытуацыю, мае пэўныя інстынкты. То бо ня так і лёгка будзе зь ім справіцца бяз рызыкі адкрыць яшчэ адзін фронт, неканечне ваенны, але прынамсі гібрыдны. Калі сытуацыя ў Беларусі выйдзе з-пад кантролю, то гэта ўдвая ўскладніць сытуацыю для Крамля.
Ёсьць яшчэ адна вельмі трывожная гіпотэза. Калі дапусьціць, што насьпявае рашэньне нейкім чынам закончыць кампанію ва Ўкраіне (хутчэй за ўсе, з нэгатыўным вынікам для Масквы), — то ў якасьці хоць якой альтэрнатыўнай перамогі для Крамля можа ўзьнікнуць тэма далучэньня Беларусі да Расеі. І рызыка гэтага рэальна існуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за «ачалавечваньнем» Макея