Падчас акупацыі часткі Харкаўскай вобласьці расейскія вайскоўцы расстралялі пісьменьніка Ўладзіміра Вакуленку.
Пра гэта паведаміў 29 лістапада начальнік сьледчага ўпраўленьня Галоўнага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі ў Харкаўскай вобласьці Сяргей Болвінаў.
«У цяперашні час праверка ДНК-профілю завершана і пацьверджана, што загінулым №319 на Ізюмскіх могілках зьяўляецца Ўладзімір Вакуленка. У целе знойдзены дзьве кулі ад пісталета Макарава», — напісаў ён у Facebook.
- Уладзімір Вакуленка — дзіцячы пісьменьнік, паэт, ляўрэат шматлікіх літаратурных прэмій. На пачатку кастрычніка 2020 году дзякуючы ідэям і ініцыятыве пісьменьніка ва Ўкраіне выдалі анталёгію беларускай паэзіі «Жыве Беларусь! За нашу і вашу свабоду!». У анталёгію ўвайшлі творы 33 беларускіх аўтараў, якія перакладалі 28 перакладчыкаў з чатырох краін: Украіны, Літвы, Латвіі і Польшчы.