Баранавіцкая міжраённая пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу аб неабгрунтаваным завышэньні цэнаў.
Як паведамляе БелТА, справу завялі на намесьніка дырэктара адной з камэрцыйных арганізацый. Згодна з матэрыяламі справы, 7 кастрычніка ў гандлёвым аб’екце мэнэджар дапусьціў неабгрунтаванае павелічэньне на 13% цаны на адзін з харчовых тавараў.
- Падчас нарады з эканамічным блёкам ураду 6 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка забараніў падымаць цэны. У той жа дзень урад прыняў пастанову пра забарону росту цэнаў, а 7 кастрычніка яе апублікавалі на Нацыянальным праўным партале. У пастанове «Аб часовых захадах для стабілізацыі цэнаў» урад абавязаў юрыдычных асоб усіх формаў уласнасьці ды індывідуальных прадпрымальнікаў «зафіксаваць цэны і тарыфы, не вышэйшыя за тыя, што ўжываліся на 5 кастрычніка 2022 году».
- Пасьля забароны на рост цэнаў Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па крамах і «цьвёрдую рэакцыю» аж да крымінальных спраў. Да рэйдаў далучыліся ня толькі прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты. Пасьля гэтага крымінальныя справы за павышэньне цэнаў завялі супраць дзясяткаў чалавек.