Прэм’ер-міністар Румыніі Нікаляэ Чукэ прыняў лідэрку дэмакратычных сілаў Беларусі ў сваім офісе 28 лістапада. Гэта першая сустрэча кіраўніка румынскага ўраду і Ціханоўскай, паведаміла яе прэсавая служба.
Ціханоўская расказала пра апошнія рэпрэсіі рэжыму, умовы ў турмах, лёс Марыі Калесьнікавай і справу Алеся Бяляцкага. Прэм’ер выказаў салідарнасьць зь беларусамі і запэўніў у падтрымцы Румыніяй беларускага дэмакратычнага руху.
Сьвятлана Ціханоўская і Нікаляэ Чукэ абмеркавалі магчымыя захады міжнароднай супольнасьці, каб не дапусьціць уваходу беларускіх войскаў у вайну супраць Украіны, а таксама ўсеабдымны плян эканамічнай дапамогі Беларусі, які ініцыявалі Румынія з Польшчай і Літвой, у межах якога Беларусі будзе вылучана 3 млрд эўра на транзыт улады і неабходныя рэформы.
Ціханоўская заклікала Румынію адрозьніваць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ і аказаць максымальную падтрымку ініцыятывам, накіраваным на ўмацаваньне незалежнасьці і беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Ужо сёньня ў Бухарэсьце пачынаецца канфэрэнцыя міністраў замежных справаў краінаў NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных спраў Румыніі. Абмяркоўваліся стыпэндыяльныя праграмы для беларускіх студэнтаўТаксама Ціханоўская правяла сустрэчы ў румынскім парлямэнце з удзелам усіх партыйных групаў. Палітыка прымалі старшыня камітэту замежных справаў парлямэнту Румыніі Разалія Біра, старшыня камітэту абароны і кіраўнік румынскай дэлегацыі ў ПАРЭ. Ціханоўская заклікала дэпутатаў стварыць парлямэнцкую групу сяброў Беларусі, правесьці слуханьні аб Беларусі ў камітэтах замежных справаў у абедзьвюх палатах і ўзяць апякунства над палітвязьнямі. Дэпутаты адразу згадзіліся ўзяць апякунства над некалькімі палітвязьнямі і падтрымаць супрацу дэмакратычных сілаў у межах ПАРЭ.
Далей Ціханоўская выступіла на Мюнхэнскай канфэрэнцыі лідэраў. У сустрэчы ўзялі ўдзел 75 палітычных лідэраў, афіцэраў і экспэртаў з 25 краінаў, у тым ліку прэзыдэнт Румыніі, міністры замежных справаў самой Румыніі, Альбаніі, Харватыі, Славеніі, Чэхіі, Паўночнай Македоніі, кіраўнік канцылярыі Оляфа Шольца і іншыя.
У сваім выступе Ціханоўская заклікала прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму і пашырыць санкцыі на супрацоўнікаў дзяржаўных прапагандысцкіх мэдыя, КДБ і спэцслужбаў. Таксама Ціханоўская заклікала падтрымаць людзей, рэпрэсаваных рэжымам Лукашэнкі, пашырыць выдачу візаў у розных гарадах Беларусі.
Ціханоўская адзначыла: «Сёньня мы рызыкуем страціць усё: сваю свабоду, сваю незалежнасьць, само існаваньне беларускай дзяржавы. Абараняць і захоўваць яе — наш гонар і абавязак. Але нам патрэбная дапамога нашых сяброў у дэмакратычным сьвеце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі: «сьляпы кат» ці «пільны хірург»? Дыскусія былых дыпляматаўТаксама Ціханоўская заклікала не прызнаваць дамовы і пагадненьні, якія падпісвае Лукашэнка, бо яны ня маюць законнай сілы і падрываюць беларускі сувэрэнітэт.
«Расея падарвала сувэрэнітэт Беларусі, падпісаўшы новыя дамовы аб вайсковай і эканамічнай інтэграцыі. Яны падпісаныя з дыктатарам, які ня мае права нічога падпісваць ад імя народу пасьля таго, як страціў усякую легітымнасьць у 2020 годзе».
Ціханоўская папрасіла міжнародных лідэраў падтрымаць рэзалюцыю Эўрапейскага Парлямэнту і дадзеныя ім рэкамэндацыі, у тым ліку ізаляцыю рэжыму, падтрымку беларускага народу ў яго барацьбе, распачаць сьледчыя дзеяньні супраць рэжыму за злачынствы супраць апанэнтаў, за падтрымку вайны ва Ўкраіне, усталяваць кантакты з Аб’яднаным пераходным кабінэтам.
«Тыранія — гэтая праблема ніколі не бывае лякальнай. І дзеяньні Лукашэнкі гэта паказваюць», — адзначыла Ціханоўская.
Паводле яе, новая стратэгія дэмакратычнага сьвету павінна ўключаць захады для абароны беларускага сувэрэнітэту, каб Беларусь не была аддадзеная на водкуп Пуціну. Таксама Ціханоўская сустрэлася зь беларусамі Румыніі і выступіла ва ўнівэрсытэце Бухарэсту. У новым сэмэстры ва ўнівэрсытэце будзе распачаты курс беларусазнаўства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ў Менску будзе дэмакратычная ўлада, з Масквой будзе скончана», — дасьледнік Пітэр Памяранцаў