Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуды фігурантам «справы аб змове» Зянковічу, Кастусёву, Краўчуку, Фядуту

Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў

Адвакаты прасілі скасаваць ці паслабіць кары іхным падабаронным, але ўсе скаргі былі адхіленыя, паведамляе «Эўрарадыё».

Прысуды, скаргі на якія разглядаліся 29 лістапада і якія засталіся ў сіле:

  • Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі,
  • Аляксандру Фядуту — 10 гадоў,
  • Рыгору Кастусёву — 10 гадоў,
  • Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.

Вольга Галубовіч, якую таксама пакаралі двума з паловай гадамі зьняволеньня, скаргі ў Вярхоўны суд не падавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Поўны тэкст апошняга слова Фядуты: «Расьсьледаваньне паказала грамадзтву, што ўлады баяцца неляяльнасьці войска»

У чым абвінавацілі фігурантаў «справы аб змове»

Менскі абласны суд разглядаў справу аб «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» з 29 ліпеня. 5 верасьня фігурантам агучылі прысуд.

Зянковіча абвінацілі паводле ч. 1 арт. 357 КК («змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 КК («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім»), ч. 3 арт. 361 КК («публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады»), ч. 3 арт. 130 КК («распальваньне сацыяльнай варожасьці»).

Фядуту і Кастусёва — паводле ч. 1 арт. 357 КК («змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»).

Галубовіч і Краўчука — паводле ч. 1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Фігурантамі справы былі таксама псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія жывуць за мяжой.

Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 году.

Лукашэнка раней заявіў, што абвінавачаныя нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сапраўдныя змоўшчыкі — пры ўладзе. Пра што сьведчаць прысуды Фядуту-Кастусёву-Зянковічу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пухліна ў мозгу, баліць адзіная нырка, гнояцца дзясны. Каму з палітвязьняў пільна патрэбная мэдычная дапамога