Знайшліся сьведчаньні, што Пуцін асабіста ўдзельнічаў у ператрусах у дысыдэнтаў

У 1976 годзе Ўладзімір Пуцін, зь вельмі высокай доляй верагоднасьці, асабіста ўдзельнічаў у ператрусе ў кватэры пецярбурскага пісьменьніка Алега Волкава, пазьней засуджанага на 7 гадоў пазбаўленьня волі за «антысавецкую агітацыю і прапаганду».

На пратакол ператрусу, які выстаўлены ў музэі палітычнай гісторыі ў Санкт-Пецярбургу, зьвярнуў увагу гісторык Канстанцін Шолмаў. У дакумэнце Пуцін значыцца як «лейтэнант КДБ», ніякіх іншых зьвестак не прыводзіцца. Калі арыентавацца на афіцыйную біяграфію прэзыдэнта Расеі, то ў дзень ператрусу, 13 верасьня 1976 году, яму было 23 гады, ён ужо прайшоў курсы падрыхтоўкі апэратыўнага складу КДБ і сапраўды быў атэставаны як «старэйшы лейтэнант юстыцыі тэрытарыяльных органаў» савецкай спэцслужбы.

Акрамя таго, у пратаколе ператрусу, як непасрэдны яго ўдзельнік, значыцца лейтэнант КДБ Кошалеў, які пасьля, як і Пуцін, працаваў у адміністрацыі мэра Санкт-Пецярбурга Анатоля Сабчака.

  • 3 жніўня 1976 году ў Санкт-Пецярбургу на сьцяне Петрапаўлаўскай крэпасьці мастак і праваабаронца Юлій Рыбакоў, а таксама пісьменьнік Алег Волкаў, напісалі белай фарбай надпіс даўжынёй сорак мэтраў: «Вы расьпінаеце свабоду, але душа чалавека ня ведае кайданоў!». Пазьней аўтараў надпісу арыштавалі і засудзілі на працяглыя тэрміны зьняволеньня: Волкава – на 7 гадоў пазбаўленьня волі, Рыбакова – на 6 гадоў.
  • Па словах Юлія Рыбакова, цяперашні прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін таксама асабіста ўдзельнічаў у ператрусе ў пісьменьніцы Юліі Вазьнясенскай, якая прыкладна ў той жа час была арыштаваная і абвінавачаная ў антысавецкай прапагандзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мара падпалкоўніка Лукашэнкі і місія палкоўніка Пуціна. Вайна, якую маглі пачаць толькі тыя, хто сам ніколі не ваяваў