Паводле «Вясны», Вольга за кратамі ўжо двойчы перахварэла на бранхіт. Яе ўтрымліваюць у кепскіх умовах, жанчына сьпіць на бэтоннай падлозе. Паводле праваабаронцаў, тройчы на дзень яе прымушаюць цалкам распранацца і прысядаць. Праваабаронцам стала вядома, што Вольга абвясьціла галадоўку ў знак пратэсту супраць зьдзекаў над ёй.
Вольгу затрымалі 4 лістапада і асудзілі за перасылы з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў паведамленьняў у асабістай перапісцы — агулам на 24 дні. З таго часу яна знаходзіцца ў няволі.
Яе муж Арцём Анішчук знаходзіцца ў зьняволеньні паўторна. У 2021 ён быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня за пашкоджаньне машыны начальніка ДВП. У магілёўскай калёніі супраць яго завялі крымінальную справу па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Але артыкул пазьней зьнялі. Арцём мусіў выйсьці на свабоду напрыканцы чэрвеня, адбыўшы цалкам тэрмін, але яго зноў затрымалі і асудзілі па новай крымінальнай справе па арт. 369 КК за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце да яго затрыманьня. Яму прысудзілі яшчэ 1 год зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная пракуратура накіравала ў суд справу супраць Алеся Бяляцкага і іншых чальцоў праваабарончага цэнтру «Вясна»