«Я ведаў Макея асабіста і маю станоўчы досьвед супрацоўніцтва зь ім з часоў дыпляматычнай службы. Па-чалавечы спачуваю яго блізкім, гэта цяжкая страта чалавека, які памёр у такім узросьце», — напісаў намесьнік Ціханоўскай, які працаваў у МЗС і пасольстве Беларусі ў ЗША.
«Але, як грамадзяніну Беларусі, мне яшчэ больш шкада страчанай гістарычнай магчымасьці, калі грамадзтва чакала ад Макея, што ён знойдзе сьмеласьць перайсьці на бок народу. Аднак ён застаўся служыць бесчалавечнаму, антыбеларускаму рэжыму, спрычыніўся да злачынстваў супраць чалавечнасьці, да агрэсіі супраць Украіны», — працягнуў палітык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімера Макея пахаваюць на Ўсходніх могілках у МенскуПаводле Кавалеўскага, да 2020 году Макей быў адным зь нямногіх, з кім заходняя дыпляматыя была гатовая весьці перамовы, хто дамогся пэўных дасягненьняў у замежнай палітыцы як кіраўнік МЗС. «Але яго бясслаўны і бясплённы сыход паказаў, як можна памыліцца, калі адкладаць правільныя справы і рашэньні на пазьней», — лічыць Кавалеўскі.
На яго думку, заўчасная сьмерць Уладзімера Макея нагадае іншым беларускім чыноўнікам, «якія разумеюць бесчалавечную сутнасьць і беспэрспэктыўнасьць рэжыму, што час на рашэньні і дзеяньні — абмежаваны».
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей памёр у суботу, 26 лістапада, на 65-м годзе жыцьця. Афіцыйна пра абставіны і прычыны сьмерці не паведамляецца. За дзень да гэтага ён праводзіў у сядзібе МЗС рабочыя сустрэчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьцельнік дыктатара», «фаварыт Захаду», «сапраўдны сябар Расеі». Арастовіч, Гардон, Дубноў, Зась і іншыя пра адыход Макея