Паводле дадзеных «Радио Азаттык» (Казаскай службы Радыё Свабода), гаворка ідзе пра затрыманьні дзясяткаў людзей. «Медиазона. Центральная Азия» паведамляе, што яны спрабавалі прайсьці ў цэнтар гораду.
Разам з тым, зазначае «Радио Азаттык», у Астане быў недаступны інтэрнэт, як мабільны, так і стацыянарны. Падключэннье аднавілася пасьля 20:00 паводле мясцовага часу, аднак карыстальнікі паведамляюць пра перабоі з інтэрнэтам.
Мяркуючы зь відэазапісаў зь месца падзеяў, затрыманьні адбываліся непадалёк ад былога гандлёва-забаўляльнага цэнтру MEGA.
26 лістапада ў Астане адбылася інаўгурацыя прэзыдэнта Касым-Жамарта Такаева, які, паводле зьвестак ЦВК Казахстану, на выбарах 20 лістапада 2022 году набраў 81,31% галасоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Такаеў уступіў на пасаду прэзыдэнта Казахстану на другі тэрмінПаводле дадзеных Orda. kz, затрыманыя — «пасьлядоўнікі праекту TDFA Марата Абіева». 33-гадовы Абіеў — адзін з самых маладых мільянэраў Казахстану і стваральнік праекту «Архітэктары будучыні», які заклікае моладзь у краіне стаць «архітэктарамі будучыні», а таксама паведамляе, што ягоны праект накіраваны на разьвіцьцё сельскай гаспадаркі ў краіне. Увесну 2022 году Марат Абіеў і яго прыхільнікі спрабавалі правесьці ў Астане канцэрт, але аўтобусы зь людзьмі былі заблякаваныя ў некалькіх рэгіёнах, і ў выніку мерапрыемства адмянілі.