Сьцісла:
- Рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ня маюць аўтаматычнай юрыдычнай сілы.
- Канфіскацыя маёмасьці на Захадзе — вельмі няпростая працэдура.
- Ці можна супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі органамі краіны — «спонсара тэрарызму»?
- Беларусь ня можа быць пасярэднікам, бо не відаць, каб пазыцыя Беларусі хоць у нечым адрозьнівалася ад пазыцыі Расеі.
— Эўрапарлямэнт 24 лістапада прагаласаваў за рэзалюцыю аб правах чалавека ў Беларусі. Яна атрымала назву «Аб працягу рэпрэсіяў супраць дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі». У чым значэньне гэтага дакумэнту? Ці можа ён мець нейкія практычныя наступствы?
— Натуральна, рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ня маюць аўтаматычнай юрыдычнайсілы. Гэта найперш выказваньне палітычнай пазыцыі. Які яна будзе мець працяг, напрыклад, у дзеяньнях і рашэньнях Эўрапейскай камісіі — будзе залежаць ад таго, наколькі будзе распрацаваны мэханізм увядзеньня пэўных дзеяньняў. Будзе залежаць ад таго, якім будзе палітычны расклад унутры Эўракамісіі, альбо ўнутры Эўрапейскай Рады.
Так што рэзалюцыя Эўрапарлямэнту — гэта не пустыя дэклярацыі, яна можа прывесьці да палітычных рашэньняў, якія паўплываюць на палітыку Эўразьвязу. Некаторыя захады могуць быць адкінутыя, а некаторыя прынятыя — гэта залежыць ад пазыцыі канкрэтных краінаў.
— Эўрадэпутаты заклікалі Эўракамісію і краіны, якія ўваходзяць у ЭЗ, дапрацаваць праўны мэханізм, які дазволіць канфіскоўваць замарожаныя ЭЗ актывы, у тым ліку актывы Аляксандра Лукашэнкі, яго сямʼі і найбліжэйшага атачэньня. Прапануецца накіраваць гэтыя сродкі ахвярам рэжыму Лукашэнкі і прадстаўнікам беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Пра якія актывы ідзецца?
— Пакуль не зусім зразумела, пра якія сродкі ідзецца, бо актываў самога Лукашэнкі і ягонай сям’і ў Эўразьвязе пакуль не знайшлі — прынамсі, пра гэта ніколі не паведамлялі. А вось каго палічаць ягоным «бліжэйшым атачэньнем» — гэта вялікая дыскусія. Калі падыход будзе вельмі шырокім — то актывы атачэньня Лукашэнкі ў Эўразьвязе ёсьць, і гэты заклік Эўрапарлямэнту можа мець рэальныя наступствы.
У кожным разе канфіскацыя маёмасьці — вельмі няпростая працэдура, яна можа аспрэчвацца. Трэба даказаць, што гэты чалавек сапраўды належыць да атачэньня Лукашэнкі і здабыў свае актывы менавіта праз блізкасьць да ўлады. Працэдура выклікае зь юрыдычнага гледзішча больш пытаньняў, чым адказаў — таму цалкам імаверна, што канкрэтных вынікаў яна ня будзе мець.
— Пасьля пачатку вайны шмат якія расейскія актывы былі замарожаныя. І ўзьніклі пытаньні, што ёсьць недатыкальнасьцю прыватнай уласнасьці. Канфіскацыя — гэта тое, што не адпавядае асновам праўнай дзяржавы. На якой падставе можна адабраць у нейкага чалавека ягоную маёмасьць?
— Так, канфіскацыя — гэта нейкі надзвычайны захад, які можа ўжывацца толькі ў пэўных надзвычайных абставінах. Яна мусіць мець юрыдычную аргумэнтацыю, трэба даказаць датычнасьць да атачэньня Лукашэнкі. Калі ідзецца пра арышт і замарожваньне актываў — гэта прасьцейшая працэдура.
Канфіскацыя — юрыдычна больш складаная працэдура, і нейкія выплаты сканфіскаваных актываў могуць адбыцца толькі пасьля таго, як пройдуць усе суды і абскарджаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бургер Кінг», «Lido», «Васількі». Каму належаць папулярныя сеткі кавярняў у Беларусі і што ў іх беларускага— У іншай рэзалюцыі той жа Эўрапарлямэнт абвясьціў Расею дзяржавай — спонсарам тэрарызму. Якія наступствы мае гэты дакумэнт? Такія рэзалюцыі ўжо прынялі парлямэнты некаторых краінаў. І як выглядае ў гэтым сэнсе пазыцыя Беларусі як «суагрэсара» у вайне Расеі супраць Украіны?
— Пакуль гэта ўсё «чыстая дошка». Ніякіх тлумачэньняў, што з гэтага вынікае, на ўзроўні Эўразьвязу пакуль няма. Словы словамі, але калі краіна — спонсар тэрарызму, то ці значыць гэта, што людзям, чыноўнікам з гэтай краіны нельга выдаваць візы? Ці можна супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі органамі гэтай краіны ў пэўных пытаньнях? Напрыклад, Інтэрпол, ахова мяжы, экалёгія?
— Можна нават задаць пытаньне: як можна купляць у дзяржавы — спонсара тэрарызму нафту і газ, тым самым даючы гэтаму спонсару тэрарызму грошы?
— Так, пытаньне паўстае пра ўвесь гандаль з гэтай краінай. Ці павінна быць забарона на гандаль, ці будзе яна тычыцца толькі дзяржаўных прадпрыемстваў? Ці ўвогуле гандаль і эканамічныя сувязі ніяк ня зьменяцца ў сувязі з «новым статусам» Расеі? Але наступствы могуць быць сур’ёзныя, у тым ліку і для Беларусі — галоўнага хаўрусьніка агрэсара.
— Лукашэнка зноў заклікае да мірных перамоваў, пад якімі ён мае на ўвазе фактычна тое, каб Украіна здалася на расейскія ўмовы. Ці ён проста выконвае пажаданьне Крамля і кажа тое, што самому Пуціну сказаць няёмка, «не па чыну»? Альбо Лукашэнка дбае пра свае інтарэсы? Спрабуе стаць «міратворцам», каб зноў пачаўся «менскі працэс», што прынёс яму столькі дывідэндаў у 2015 годзе?
— Адно другому не супярэчыць. З аднаго боку, Лукашэнка агучвае расейскі падыход, агучвае тое, пра што расейцы могуць пакуль што маўчаць. Але пры гэтым яўна мае на ўвазе стаць пасярэднікам, каб пры магчымасьці выйсьці з палітычнай ізаляцыі, аслабіць санкцыі, атрымаць палітычныя выгады.
Але ж пытаньне ў тым, ці можа Менск выконваць такую ролю пасярэдніка. Бо ўся рыторыка Лукашэнкі і раней, і падчас саміту АДКБ — гэта пагрозы на адрас Украіны, маўляў, яна разваліцца, калі ня пойдзе за стол перамоваў, калі ня прыме расейскай пазыцыі. Прынамсі, наконт тэрыторыяў, прызнаньня правоў Расеі на анэксаваныя ёю ўкраінскія землі.
Прасоўваючы такую лінію, немагчыма быць пасярэднікам. Бо мы ня бачым, каб пазыцыя Беларусі хоць у нечым адрозьнівалася ад пазыцыі Расеі. Усе выказваньні Лукашэнкі ад пачатку вайны цалкам адпавядаюць расейскай пазыцыі. Пры такім падыходзе немагчыма быць пасярэднікам, бо пасярэднік мае сваю ўласную пазыцыю, каб мець магчымасьць уплываць на абодва бакі. У Менску няма ніякай самастойнай пазыцыі, Лукашэнка не прапанаваў ніякай формулы заканчэньня канфлікту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейскі сьлед» у біяграфіях ключавых вайскоўцаў Лукашэнкі. ВІДЭА