Беларуска, якая праз рэпрэсіі страціла бізнэс і расказвала ў TikTok пра пратэсты, распавяла, як яе катавалі ў ГУБАЗіК

Вольга Рытус

Вольга Рытус падзялілася падрабязнасьцямі таго, як зь яе зьдзекаваліся сілавікі, ляяльныя Лукашэнку, пасьля арышту: білі нагамі і аблівалі вадой.

Вольгу Рытус затрымалі 12 красавіка 2022 году. За тое, што ў 2020-м, як і тысячы іншых беларусаў, яна выйшла на пратэсты. Выбіць зь яе «прызнаньне віны» для пастановачнага відэа сілавікам не ўдалося. Ужо пазьней родныя даведаліся: з Вольгі зьдзекаваліся — білі нагамі і аблівалі вадой. Сваю гісторыю Вольга расказала журналістам Most.

У турме беларуска правяла тры месяцы і была асуджаная на 3 гады «хатняй хіміі». З прысудам жанчына не зьмірылася і ўцякла ў Польшчу.

Да 2020 году ў Вольгі быў свой бізнэс у Менску. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў яна вырашыла быць незалежнай назіральніцай і стала сьведкаю фальсыфікацыяў. Пасьля масавых затрыманьняў грамадзян жанчына стала весьці свой TikTok, дзе публікавала відэа пратэстаў і пабіцьця беларусаў. Яе публікацыі набіралі дзясяткі і сотні тысяч праглядаў. Вольга не хавала сваіх поглядаў у сацыяльных сетках, рабіла таксама перапосты матэрыялаў, запісвала відэа, у якіх выказвала сваю пазыцыю супраць дыктатуры і вайны ва Ўкраіне.

Вольгу затрымалі 12 красавіка 2022 году паводле арт. 342 КК («групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») — за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах у 2020 годзе. Дома ў Вольгі застаўся 12-гадовы сын. Пасьля затрыманьня жанчыну павезьлі ў ГУБАЗіК. Там, паводле яе, зь яе зьдзекаваліся.

«Ужо выходзячы з машыны, адзін зь сілавікоў ударыў мяне ў галаву і сказаў, каб я глядзела ў падлогу. У кабінэце ён ударыў мяне яшчэ раз — і я ўпала. А ўжо далей пачаліся ўдары нагамі. У адзін момант зайшоў у кабінэт мужчына — з выгляду адэкватны чалавек, як выявалася, ён ускрываў мой тэлефон. Спытаў у калег, што тут адбываецца, я ўжо падумала пра прамень надзеі і сказала, што ў гэтым месцы б’юць людзей. Тады ён узяў мяне за валасы і выцягнуў з кабінэту, цягаў па калідоры. Я не магла ўявіць, што такое можа быць у 2020 годзе ў цэнтры Менску», — расказвае Вольга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу Насту Лойку зноў арыштавалі на 15 сутак. Яна заявіла, што яе катавалі

З жанчынай у ГУБАЗіК паспрабавалі запісаць пастановачнае відэа нібыта з «прызнаньнем віны». Але выціснуць зь яе «прызнаньне» сілавікам відавочна не ўдалося. У відэа, якое змантавалі на фоне дзьвярэй, уставілі «нарэзкі» з допыту Вольгі. На ім жанчына кажа толькі, што яе заробак складае 500 рублёў і што яна мае BMW 2013 году выпуску.

«На відэа я была з мокрымі валасамі, бо на мяне вылілі літар вады. Я ляжала на падлозе. І каб прывесьці мяне ў прытомнасьць, адзін з супрацоўнікаў ліў на мяне ваду з бутэлькі».

Пасьля допыту жанчыну завезьлі на Акрэсьціна, дзе яна правяла 10 дзён у нечалавечых умовах. Далей было СІЗА на Валадарскага. Там упершыню пасьля затрыманьня Вольгу звадзілі ў душ. Пасьля Акрэсьціна «Валадарка» ёй падалася санаторыем. У СІЗА жанчына правяла тры месяцы. Яна сядзела ў адной камэры з галоўным рэдактарам tut.by Марынай Золатавай.

4 ліпеня суд Фрунзэнскага раёну Менска прызнаў Вольгу Рытус вінаватай у зьдзяйсьненьні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК («групавыя дзеяньні, што груба парушаюць грамадзкі парадак») і прысудзіў жанчыне 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Вольга Рытус была вызвалена ў залі суду, а празь месяц уцякла зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі затрымалі цемнаскурага менчука і апублікавалі відэа зь ім пад песьню «Убили негра»