Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў заявіў, што Беларусь і Расея ўжо давялі колькасьць сваёй супольнай вайсковай групоўкі да больш як 9 тысяч вайскоўцаў і больш як 250 адзінак узбраеньня і вайсковай тэхнікі.
«У рамках разгортваньня супольнай рэгіянальнай групоўкі войскаў так званай саюзнай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі працягваюць знаходзіцца падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў Расеі агульнай колькасьцю больш як 9 тысяч асобаў і больш як 250 адзінак узбраеньня і вайсковай тэхнікі са складу 2-й мотастралковай дывізіі першай танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі. Яны сканцэнтраваныя ў раёне палігонаў Обуз-Лясноўскі, Лепельскі, Лосьвіда і Асіповічы», — паведаміў Аляксей Громаў 24 лістапада на брыфінгу ў Кіеве.
У той жа час, паводле яго, украінская выведка пакуль не фіксуе, што на тэрыторыі Беларусі сфармаваная ўдарна-наступальная групоўка. Аляксей Громаў нагадаў, што кіраўніцтва Беларусі зноў падоўжыла — да 28 лістапада — праверку баявой гатоўнасьці беларускага войска, якая цягнецца з траўня.
«Пры гэтым здольнасьць Узброеных сілаў Беларусі весьці самастойныя наступальныя дзеяньні ацэньваецца як нізкая. Маральна-псыхалягічны стан лічыцца нізкім праз адмову большасьці асабовага складу браць удзел у так званай спэцыяльнай апэрацыі. У той жа час каля 10-15 тысяч асабовага складу сілавых структураў Беларусі гатовыя ўдзельнічаць у так званай спэцыяльнай апэрацыі Расеі, найперш праз прывабнасьць высокага грашовага забесьпячэньня», — дадаў Аляксей Громаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Паветраных сілах Украіны расказалі, якую авіяцыйную тэхніку Расея трымае на аэрадромах у БеларусіПаводле яго, у паветранай прасторы Беларусі працягваюцца палёты самалётаў МіГ-31К, якія ёсьць носьбітамі гіпэргукавых ракет «Кінжал».
«Захоўваецца пагроза нанясеньня ракетных удараў, авіяцыйных удараў і ўжываньня бесьпілётных апаратаў на тэрыторыі Ўкраіны», — мяркуе ён.
«Праціўнік распаўсюджвае інфармацыю і рыхтуе свае войскі да так званага магчымага абвастрэньня сытуацыі ў пэрыяд з 23 да 28 лістапада на расейска-ўкраінскай мяжы. Пры гэтым яны чакаюць, што NATO і Ўкраіна пажадаюць захапіць памежныя раёны міралюбнай Беларусі і Расеі. Гэта нагадвае сцэнар ужо праведзеных у Беларусі вучэньняў сёлета ў верасьні», — заявіў Аляксей Громаў.
10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў аб пачатку разгортваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі, а таксама аб разьмяшчэньні расейскіх войскаў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка, які казаў пра вайну з Украінай за тры дні, прагназуе яшчэ 2 гады баёў