«Менскі рэжым зарабляе на вайне», — эканаміст Раманчук

Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук тлумачыць, чаму беларускі ўрад пачаў выступаць з аптымістычнымі заявамі пра эканамічнае становішча; паказвае, як Менск зарабляе на вайне, і прагназуе, наколькі ўпадзе беларуская эканоміка налета.

Сьцісла:

  • Друкарскі станок ужо запушчаны. За год рост грашовай масы складае 45 працэнтаў.
  • Грошы, якія дае Расея, дазваляюць беларускаму ўраду рабіць сьмелыя пазытыўныя прагнозы.
  • Для Лукашэнкі прадпрымальнікі — гэта патэнцыйна небясьпечная палітычная група.
  • Менскі рэжым зарабляе на вайне.
  • Калі толькі сёньня ў Эўропе раздаюцца галасы, каб Расеі не пастаўляць тэхналёгій і запчастак для ракетнай прамысловасьці, то што гэта за санкцыі?

— Беларускі ўрад апошнім часам публічна дэманструе пэўны аптымізм наконт эканамічных паказьнікаў. Ясна, што ў яго праца такая. Але ці сапраўды эканамічным уладам удалося запаволіць тое радыкальнае падзеньне эканомікі, якое назіралася ў пачатку году?

— Уся цяперашняя беларуская афіцыйная статыстыка мае адзіную функцыю — прапаганды. Мы аб’ектыўна ня можам давяраць тым лічбам, якія дае Міністэрства фінансаў. Мы бачым, што адбываецца са статыстычнымі зборнікамі — іх проста няма.

Тое, што яны зараз гавораць пра 4,7 працэнта падзеньня ВУП па выніках году — гэта зьдзек са здаровага сэнсу. На самой справе падзеньне значна большае. Але тое, што яны здолелі прытармазіць яго, гэта відавочна. Тыя грошы, якія дае Расея, дазваляюць беларускаму ўраду даваць такія сьмелыя пазытыўныя прагнозы.

Што тычыцца інфляцыі, то можна дакладна казаць, што друкарскі станок ужо запушчаны. Калі параўнаць 1 лістапада мінулага і гэтага гадоў, то рост грашовай масы складае 45 працэнтаў. Пры такім паказчыку інфляцыя ня можа зьніжацца — гэта таксама зьяўляецца прапагандысцкім індыкатарам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея дасьць Беларусі крэдыт у 1,5 мільярда на імпартазамяшчэньне

— Калі грашовая маса расьце, чаму туды курс даляра застаецца даволі стабільным?

— Попыт на даляры ў асноўным фарміруюць экспартэры і бізнэс, а не насельніцтва. Мільярды даляраў насельніцтва ўжо забрала з банкаўскай сыстэмы пасьля 2020 году. А тыя, хто пакінулі свае грошы ў беларускай банкаўскай сыстэме — гэта людзі, для якіх галоўнае — «чарка і скварка» і стабільнасьць.

Яраслаў Раманчук, 2019

Мы бачым, як зьнізіўся імпарт: значна больш за экспарт. У выніку праз радыкальнае зьмяншэньне імпарту атрымалася станоўчае сальда гандлёвага балянсу. Плюс — можна пабачыць, як у Беларусь пачалі прыходзіць грошы зь Нідэрляндаў і Кіпру. А гэта, відавочна, грошы, якія расейцы ўвозяць у Беларусь, каб нешта тут рабіць.

— Які эфэкт гэтае зьмяншэньне імпарту можа мець на пэрспэктывы беларускай эканомікі? Бо часам гэты імпарт крытычна неабходны — гэта тэхналёгіі, гэта крытычна важныя матэрыялы, камплектныя часткі.

— Статыстыка тут сакрэтная. З маіх кантактаў зь бізнэсоўцамі ствараецца такая карціна, што ніхто ня ведае, як купляць імпартныя камплектуючыя і сыравіну для новага цыклю вытворчасьці. Але тыя прадпрыемствы, якія зьвязаныя з вайной, з вайскова-прамысловым комплексам, — там, вядома, рэальны рост, новыя заказы. Расея ж зноў дала грошы. Я думаю, і рэструктурызацыя даўгоў Беларускай АЭС будзе. А заходніх крэдытораў Менск проста падманвае, прапануючы аддаваць даўгі ў беларускіх рублях.

— Беларускія чыноўнікі заяўляюць пра 20 мільярдаў даляраў стратаў ад санкцыяў. Ці не падаецца, што яны наўмысна завышаюць гэтую лічбу, каб усе няўдачы можна было сьпісаць на санкцыі?

— Яны гавораць пра тыя інвэстыцыйныя праекты, якія рэалізуе ўрад альбо беларускія прадпрыемствы: разам на 20 мільярдаў. Гэта тыя грошы, праекты, якія былі, па сутнасьці, замарожаныя, заблякаваныя. І калі лічыць, што адмена гэтых праектаў называецца стратай ад санкцыяў, то вось і ўсплывае такая лічба.Такая дзіўная мэтадалёгія.

Што тычыцца рэальных стратаў ад санкцыяў, то яны значна больш сьціплыя. І калі летась экспарт тавараў быў пад 39 мільярдаў даляраў, то сёлета будзе пад 30. Таму можна казаць, што гэтыя 9 мільярдаў даляраў зьмяншэньня ад экспарту, а таксама тыя грошы, якія Беларусь не атрымае ў якасьці крэдытаў, то вось гэтыя 10-12 мільярдаў даляраў можна сукупна назваць стратамі ад санкцыяў.

— У сярэдзіне 1990-х Лукашэнка казаў, што хоча паціснуць руку апошняму беларускаму прадпрымальніку. У 2022 годзе барацьба з індывідуальнымі прадпрымальнікамі зноў аднавілася. Якія ў гэтым прычыны?

— Для Лукашэнкі прадпрымальнікі — гэта патэнцыйна небясьпечная палітычная група, ён баіцца гэтых людзей. Гэта 270 тысяч чалавек; разам зь сем’ямі і людзьмі, якія на іх працуюць, гэта паўмільёна. Вядома, тут ёсьць і палітычны кантэкст.

А з пункту гледжаньня эканомікі Лукашэнка пляваць хацеў, што яны плацяць падаткі, ствараюць працоўныя месцы, забясьпечваюць сябе самі. Яму галоўнае — трымаць усіх пад кантролем.

— Якой усё ж можа быць лічба падзеньня эканомікі за гэты год? У пачатку году незалежныя эканамісты казалі пра 8-10 працэнтаў. Зараз выглядае, што гэты працэнт будзе меншым. Зноў незалежныя эканамісты былі занадта пэсымістычнымі?

— Паводле ўсіх ускосных прыкметаў (таваразварот, спажываньне энэргіі, экспарт), падзеньне значна большае, чым пра гэта гаворыць урад. Асноўны паказьнік, празь які ідзе хлусьня — гэта дэфлятар (цэнавы індэкс, створаны для вымярэньня агульнага ўзроўню цэнаў на тавары і паслугі). Мы бачым, як паводзяць сябе гуртавікі — яны ня ведаюць, што закупляць, па якіх цэнах прадаваць.

— Расея зноў дае грошы. Чым бы вы гэта палітычна і эканамічна патлумачылі?

— Менскі рэжым зарабляе на вайне. Няма ў Расеі аўтамабілебудаваньня — беларусы могуць зрабіць. Няма лёгкай прамысловасьці, няма харчоў, мікраэлектронікі — беларусы могуць прапанаваць сваё. Лукашэнка зараз сустракаецца з кіраўнікамі расейскіх рэгіёнаў, як у канцы 90-х гадоў. Кожны расейскі рэгіён — гэта свой фэадал, які мае грошы, і Лукашэнка цераз галаву Крамля туды ідзе, каб там знайсьці грошы. І знаходзіць.

— У выніку можна прагназаваць, што ў наступным годзе ня будзе такога падзеньня беларускага ВУП, якое адбылося ў гэтым? Ураду ўдалося гэта падзеньне прыглушыць, затармазіць?

— Часткова ўдалося. Адзін з чыньнікаў, чаму так адбылося — гэта тое, што заходнія санкцыі зь дзіркамі, як швайцарскі сыр. Таму Беларусі і Расеі можна і паралельны імпарт рабіць, і паралельныя плацяжы рабіць. Калі б гэта было гандлёвае эмбарга на Расею і Беларусь як на краіны-агрэсары, то была б зусім іншая сытуацыя.

А калі, напрыклад, толькі сёньня мы бачым, што ў Эўропе раздаюцца галасы, каб Расеі не пастаўляць тэхналёгіі і запчасткі для ракетнай прамысловасьці, то што гэта за санкцыі? Калі такія рэчы абмяркоўваюцца толькі на дзясятым месяцы вайны...

У Беларусі налета зноў будзе падзеньне ВУП. Я думаю, беларуская эканоміка ўпадзе прынамсі на 3-5 працэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзе чорны рынак». Ці можа дзяржава забараніць цэнам расьці? Разьбіраемся